Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

стайных элемэнтаў і падзяліўшыся на дзьве часткі, на працягу ўсяго зьезду складалі два варожых лягеры.

Правіца няшчадна змагалася з лявіцаю і, дзякуючы сваёй пераваж­насьці, прадыктавала вось якія пастановы[1]: „Баючыся монархічнае рэстаўрацыі ў Беларусі, 1-шы Ўсебеларускі зьезд лічыць неабходным падкрэсьліць, што ў Беларусі ад гэтага часу замацоўваецца „дэмократычны рэспубліканскі лад". „Гэта яшчэ не адзначала,— піша Е. Канчар,— што Ўсебеларускі Зьезд абвяшчае Беларускую Рэспубліку. Гутарка йшла аб замацаваньні, аб зацьверджаньні таго дэмократычнага рэспублікан­скага ладу, які існаваў у той час і ў Расіі (?) і ў Беларусі (?). І далей: „1-шы Ўсебеларускі зьезд прадбачыў „мажлівасьць падзелу і адыходу ад Расійскае Дэмократычнае Фэдэратыўнае Рэспублікі" роднага краю— Беларусі, загэтым падкрэсьліў аб сваім праве на самавызначэньне". Самавызначэньне Беларусі разумелася як рада часовая, якая павінна існаваць да скліканьня Беларускага ўстаноўчага збору".

Гэта асабліва характэрна, бо „заснавацелі першага зьезду не ба­яліся ўстаноўчага збору, таму што агульнае, простае, роўнае і патаемнае галасаваньне ў Беларусі павінна было замацаваць панаваньне беларускага сялянства". (Курсіў аўтара).

Вось гэтая ідэя панаваньня сялянства, спусьціўшы два месяцы пасьля Кастрычнікавае рэволюцыі, прадэмонстраваная ў савецкай краіне, ясна казала аб мэтодах „беларускае" Вандэі. Якое-ж дзіва, што „сялян­скія" інтэлігенты з вобласнага камітэту ды частка правых соцыялістых з беларускіх соцыялістычных партый сышліся з тымі буржуазна-дэмократычнммі адколкамі якія к гэтаму часу назьбіраліся вакол беларус­кіх нацыянальных організацый! Было-б дзіва, каб гэтага факту ня тра­пілася...

На шкоду, канчатак зьезду якраз падмацаваў на нейкі час позыцыю гэтае антынатуральнае коаліцыі і нават часова згладзіў гострасьць ле­вае опозыцыі. Рада старэйшын зьезду, у якую папалі і прадстаўнікі ле­вых (Хатэнка, Я. Лагун, Ф. Шантыр, М. Шыла і інш.), абвясьціла сябе радаю зьезду і выдала некалькі процісавецкіх адозваў да жыхарства Беларусі. Аднак, у 20-х лічбах сьнежня большасьць сяброў Рады зьезду, у іх ліку ўсе прадстаўнікі лявіцы, разьехаліся з Менску, а астаткі рады цягнулі сякую-такую працу легальна і нелегальна.

Гэткім чынам, хаўрус вобласьнікаў з буржуазнай часткай беларускай інтэлігенцыі адыграў першую патрэбную сабе антысавецкую акцыю. Але гэта зусім не казала за тое, што момант, акресьлены Ўсебеларускім зьездам 14 сьнежня 1917 году гістарычна, ці фактычна апраўдаў правыя тэндэнцыі ў беларускім руху. Нічога падобнага. Удзел у Радзе зьезду прад­стаўнікоў ад лявіцы быў выбухам хвілёвага нездаваленьня роспускам зьезду. Уся-ж гушча, якая стаяла за лявіцаю і якая складалася з рабо-

  1. Е. Канчар. „Белорусский вопрос“.