Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

чых, сялян ды левае працоўнае інтэлігенцыі, ня меўшай мажлівасьці быць поўна прадстаўленаю на зьезьдзе, зразу акрэсьліла да яго свой кры­тычны погляд. Фінал зьезду мала непакоіў гэту частку беларускае гушчы. Наадварот, яна ўлічыла ўсе скуткі зьезду і хутка пачала выраў­няць сваю лінію водлуг лініі Комуністычнае партыі.

На працягу ж двух месяцаў, з 17/ХІІ—17 г. па 18/ІІ—18 г. паралельна з працаю Рады зьезду адбывалася консолідацыя беларускіх лева-соцыялістычных сіл. К канцу лютага месяца 18 г. гэта праца нашла сваё выйсьце ў двух напрамках—партыйным і савецкім, цэнтрамі якіх сталі Беларускі Нацыянальны Камітэт і камітэты Бел. Соц. Дам. партыі бальшавікоў ды левага крыла Беларускае Сацыялістычнае Грамады. Зьяднаўшыся вакол гэтых цэнтраў, беларуская працоўная інтэлігенцыя помеж з беларускімі рабочымі ды сялянамі рашуча павяла працу на падставе савецкіх прын­цыпаў экономічна-культурнага адраджэньня беларускага працоўнага на­роду і дзяржаўнага адбудаваньня Беларусі. Гэта праца ў сваім скутку прывяла ў канцы 1918 г. да заснаваньня Беларускае Незалежнае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі.

Іначай пашло далейшае разьвіцьцё правай часткі інтэлігенцыі, якая гуртавалася вакол Часовае Рады Зьезду. 25-га лютага 1918 году ў Менск прышлі немцы. Савецкае войска мусіла ачысьціць Беларусь 19-га лю­тага. Гэткім чынам, паміма клясава-ідэолёгічнае мяжы, між двума част­камі беларускае інтэлігенцыі лягла яшчэ і мяжа географічная. На захад ад мяжы, пад нямецкай окупацыяй правіца беларускае інтэлігэнцыі знашла сабе патрэбнае месца, абкапалася вакол і пачала сваю працу. Мэтады гэтае працы яна так тлумачыла ў газэце „Беларускі Шлях" (№ 1 ад 8 сака­віка): „Так ясна пачаўшыся, расійская рэволюцыя завяла народ у цемру, у жах перад народнымі момантамі (!), ашукаўшы яго пекнымі абяцанкамі. З гэтага цяжкага стану мы павінны ратаваць народ наш. Павінны за­быўшыся на ўсе ўразы, якімі ён, пад'южываны нясумленнымі правады­рамі, закідаў нас, пайсьці ізноў да яго і быць з ім... Мусім сабрацца і, злажыўшы разам свае сілы, узяцца за працу, ня трацячы часу, бо цяпер „прабава—сьмерці падобна".

Беражучы час, Рада зьезду зразу-ж, 21 лютага, склала народны са­кратарыят, які выдаў дзьве „ўстаноўныя граматы" да народаў Беларусі. 19 сакавіка адбылося першае пасяджэньне Рады зьезду. На гэтым па­сяджэньні былі ўжо прадстаўнікі гарадоў, земстваў і нацыянальных меншасьцяй. 24 сакавіка Рада трэцяю ўстаноўнаю граматаю абвясьціла Бе­ларускую Народную Рэспубліку. Гэткім чынам была адчынена новая шырокая мажлівасьць далейшага папаўненьня чужымі элемэнтамі правіцы беларускага руху. Ужо земствы і гарады, а таксама і нацыянальныя меншасьці здорава разбавілі гурток непартыйных і правых радаўцаў. На 27 чал. сяброў Рады зьезду былі ўведзены 35 чал. рознастайнае, часта варожае беларускому руху, але роўна буржуазнае інтэлігенцыі.