Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

У. Ластоўскі) скончылася бяз уплыву з яго боку. Дзякуючы замірэньню, Заходняя Беларусь ачулася ў руках Польшчы; Літва была аддзеленай ад Савецкае Беларусі і, сконцэнтраваўшы сваю ўвагу на варожасьці да палякаў, пачала ў гэту варожасьць уцягваць і беларускую эміграцыю. Адгарадзіўшыся высокаю сьцяною ад беларускае глебы, інтэлігенты-эмі­гранты з БНР мусілі далучыцца да літвінаў.

Аднак, прыязьнь між гэтымі дзьвюма „дзяржавамі" нядоўга цягну­лася: седзячы ў адным месцы — трудна ўладзіць, і працу з аднаго мессца, з Коўны беларуская эміграцыя стала закідаць у розныя краі: у Чэ­хію, Нямеччыну, Латвію, Эстонію. Гэта адбівалася на працы і на самым настроі яе ўдзельнікаў. Перад няяснаю пэрспэктываю пачаліся ў лягеры эміграцыі налады. Яшчэ ў 1919 годзе вынікла непаразуменьне між Вілен­скімі беларускімі дзеячамі і дзеячамі з ураду Бел. Нар. Рэспублікі. Гэта непаразуменьне ўсё ўзмацнялася, адбіваючыся на цэльнасьці працы. Ап­роч гэтага, рабіла нядобры ўплыў на больш сумленных эмігрантаў і авантура П. Аляксюка ды Адамовіча з К-о, якія аддаліся цалкам поль­скаму ўраду і перашкаджалі працы хоць і буржуазным беларускім інтэ­лігентам з эміграцыі. Але горай усяго—чым далей, тым болей давала сябе чуць недастача сродкаў. Сваімі грашыма эмігранты былі небага­тыя, Літва давала мала, узяць ня было дзе. Гэтыя абставіны адпіхалі многіх ад актыўнае чыннасьці. Многіх застаўлялі думаць аб пераезьдзе да сваіх ворагаў-бальшавікоў. Як-ні-як, а тыя з іх (эмігрантаў) сяброў, што засталіся ў Менску, жылі нядрэнна і нават пачыналі прымаць удзел у культурнай працы. Праўда, поўнага настрою менскіх сяброў нельга было ўлавіць, седзячы за рубяжом. Іхняе нездавальненьне савецкім ла­дам і іхняе зацягненьне працаю Бел. Нар. Рэспублікі, якая воддальлю здавалася досыць імпозантнай, заграніцай было невядома. І вось асоб­ныя прадстаўнікі эміграцыі ўжо з 22 году пачалі перабірацца ў Савец­кую Беларусь. Больш упартыя аставаліся.

Але і тыя, што заставаліся за рубяжом, цягнулі сваю непачэсную працу, і тыя, што вярталіся „блуднымі сынамі", і тыя, што былі дома ў эміграцыі,—не хацелі, не зважаючы ні на вошта, кідаць свае думкі, сваіх самаўпэўненьняў, што яны—усё, што бяз іх беларускае пытаньне ня вы­рашыцца.

На тое, што ў Савецкай Беларусі адбываўся агромністы процэс творчага культурнага, экономічнага ды дзяржаўнага будаўніцтва,—яны не зважалі. Заплюшчвалі вочы на нясупыннае разьвіцьцё літаратуры, тэат­ру, выдавецкае справы, на пашырэньне беларусізацыі школ і дзяржаў­ных устаноў. Але яны выразна сачылі за пытаньнем аб пашырэньні Бе­ларусі. Бачачы апошнюю ў складзе аднэй Меншчыны, эміграцыя стара­лася падкрэсьліць нясур'ёзнасьць падыходу Савецкае ўлады да ўсёй справы вырашэньня нацыянальнага пытаньня. Эміграцыя думала, што ўся гутарка бальшавікоў зводзіцца да поліатываў, да паказнога. І яна