Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/19

Гэта старонка была вычытаная

лічыла патрэбным аставацца на пункце погляду змаганьня супроціў Менску, змаганьня за дэмократычныя мары.

Якраз у 1924 годзе адбыўся акт узбуйненьня Савецкае Беларусі. Да Меншчыны была далучана Магілёўшчына, Віцебшчына. Размах працы пашырыўся. Адчыніліся шырокія мажлівасьці для далейшага разьвіцьця беларускае культуры, да выяўленьня шырокіх пластоў народнае савецкае інтэлігенцыі. Адпаведна гэтаму шпарка йшло аформленьне новае савец­кае беларускае інтэлігенцыі. Сотні вучнёўскае моладзі, студэнцтва, на­стаўніцтва, атрымаўшы выхаваньне ў абставінах шпаркага разьвіцьця беларускае працоўнае культуры, захапляліся ёю і папаўнялі шэрагі яе прыхільнікаў. З усіх канцоў Саюзу накіравалі ў Савецкую Беларусь беларусы комуністыя, савецкія працаўнікі.

Гэта, з аднаго боку, падмывала глебу пад нагамі эміграцыі, з дру­гога боку,—яе біла і нясупыннае ўзмацненьне Савецкага Саюзу і яго прызнаньне большасьцю буржуазных дзяржаў. Чужаземная буржуазія кідала цягацца з эміграцыяй—не хацела слухаць баек ды хлусьні аб нятрываласьці Савецкіх Рэспублік і, нарэшце, кончыла ўсякія гутаркі аб грашовай дапамозе; тым болей, што буржуазіі кожнае краіны хапала свайго клопату, каб нясупынна цешыцца з эмігранцкаю назолаю.

Да пералічаных труднасьцяй для беларускае эміграцыі дадалося яшчэ адно—гэта разрыў саюзу між Бел. Нар. Рэспублікаю і Літвою. Гэткім чынам, закалыхалася апошняя падпорка пад матэрыяльнаю базаю беларускае эміграцыі. Як-ні-як, а Літва сягды-тады перакідала патрошку для свайго саюзьніка, кожны раз разьлічваючы вярнуць свае страты ўдвойчы. Але час ішоў, а страты на саюзьнікаў аставаліся стратамі—і толькі. Тады Літоўскі ўрад, аглядаючыся на ўрады польскі ды латыскі рашыў самому ня цешыцца з Беларускаю Народнай Рэспублікай ды яе грамадзянамі і адказаў ім у дапамозе. Чаму-ж Літве аставацца па­задзе?

У Польшчы здарэньні разьвіваліся ў іншым напрамку, таксама рэзка адмоўна ў іх адносінах да беларускай інтэлігенцыі. Сама гэта ін­тэлігенцыя ў Польшчы складалася з некалькіх рознастайных пластоў. Побач з эмігранцкаю яе часткаю нясупынна нараджалася інтэлігенцыя сялянская, якая аформлялася пад уплывам вострага соцыяльнага зма­ганьня. Хоць удзелу ў здарэньнях грамадзянскае вайны часоў Кастрыч­нікавае Рэволюцыі яна ня прымала і савецкаю па колу беларускага руху ня была; хоць яна ўвашла ў яго рэчышча тады, калі гэта рэчышча дало рукавы ў розных напрамках, усё-ж гэтая частка інтэлігенцыі па сваёй клясавай істоце нясупынна хіліла ўлева, спачуваючы не эміграншчыне, а савецкім ідэям. Эмігранцкая-ж напластоўка беларускае інтэ­лігенцыі ў Польшчы сваёю чаргою яшчэ з 1920 году падзялілася на два лягэры: незалежнікаў—прыхільнікаў Бел. Нар. Рэспублікі і махрастых— польскіх прыслугачоў. Народна-рэспубліканцы з самага пачатку зах'ап-