Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

це і судзе над некалькімі дзеячамі з эмігрантаў. У скутку—паварот ня толькі поглядаў і думак, а і саміх эмігрантаў у Беларусь.

Аставалася адна Чэха-Славакія, дзе яшчэ найболей актыўнай част­цы эміграцыі, пры гэтым суйздром адарванае ад беларускай глебы, уда­валася так-сяк туліцца. Чэха-славацкая буржуазія, у адлічча ад буржу­азіі іншых дзяржаў, задалася мэтаю стаць ахоўніцаю зруйнаваных жыць­цём ідэй эсэраўска-кадэцкага дэмократызму. Выходзячы з гэтага, яна ахвотна прытуляла да сябе ўсё тое, што вымятала работніцка-сялянская рука з абшару зруйнаванае Расіі. Гэткім чынам, у Чэха-Славаччыне за­лажыўся сапраўдны лягер рознанацыянальнае, а асабліва славянскае бе­лагвардзейшчыны. Расійскія эсэры, як сябры чэскае буржуазіі па зма­ганьні з расійскімі рабочымі ды сялянамі, кадэты—прыяцелі Масарыка ды Крамаржа, чорнасотнікі ад Струвэ да Лаппа, як рэшткі насіцеляў поўславянскае вялікадзяржаўнае думкі; побач—украінская Рада аб‘яднаным фронтам ад прынца Васіля Вышыванага да эсэраў з Шапавалам ды Ігнатам Латоцкім,—усе былі прытулены „ў гасьціннай" суседкі; за кампа­нію з „братамі па крыві" апынуліся там і беларускія блудачы. З багатата сталу дапамогі гэтай шайцы белагвардзейцаў даставала сёе-тое і бе­ларуская эміграцыя. Праз гэта апошняй удалося там сяк-так абмацавацца і зрабіць сваю часовую базу. Вакол гэтае базы ізноў сталі зьбірацца ўсякія адкіды з агульнае эміграцыі, якія ніколі нічога ніякага ня мелі з Беларусьсю (організатары беларускіх сокалаў ды інш.). Гэткія элемэнты сьцягаліся з усіх краін, чуючы хоць мізэрную мажлівасьць перахапіць кавалак згубленага хлеба. Ідэёва яны заставаліся тымі-ж ворагамі шчы­рых і ад думак нацыянальнага адраджэньня, хоць і ў форме буржуазнай, былі далёка. Але народна-рэспубліканцы ня цураліся і іх, галоўным чы­нам, напіраючы, вядома, на беларускае студэнцтва.

Выхоўваючы кадры працаўнікоў для „новае" Расіі, Чэха-Славацкая буржуазія паклапацілася выхаваць гэткіх-жа працаўнікоў і для „новае" Беларусі. З гэтай мэтаю ў сваіх унівэрсытэтах яна дала некалькі дзе­сяткаў месцаў са стыпэндыямі і для ўраду „Беларускае Народнае Рэспуб­лікі". Гэты ўрад выкарыстаў цяжкі стан беларускае моладзі ў Заход­няй Беларусі, якая ня можа знайсьці жаднае мажлівасьці дастаць вышэй­шую асьвету, і стаў пасылаць яе ў Чэха-Славакію. Адначасова ў шэра­гі гэтага студэнцтва ўлілося і некалькі сяброў беларускае рады на чале з Грыбам, Мамонькам ды інш. Гэткім чынам, склаліся зусім дадатныя ўмовы для апрацоўкі беларускай моладзі ў патрэбным для эміграцыі на­прамку. З другога боку, было лёгка даказаць наогул аб працы, якая ня спыняецца, і праз гэта патрабуе грошы... Чэха-Славацкая буржуазія грошы пакрысе перакідала і гэтым падпірала абставіны для далейшае працы эміграцыі...

Аднак, і на гэтым фронце бясьпека трывала нядоўга. Клясава-політычная дыфэрэнцыяцыя, чапіўшы расійскае ды украінскае студэнцтва, не