Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

абмінула і беларускага. Ужо ў 1924 годзе ў Празе была заложана організацыя беларускага паступовага студэнцтва. Апошняе востра выступіла супроць нацыянал-дэмократычнай ды эсэраўска-шовіністычнай агітацыі. Грунт пад эміграцыяй пачаў калыхацца, апора—слабець. Да гэтага шчод­расьць Чэха-Славацкае буржуазіі няўхільна астывала, ажно найупарцейшым эмігранцкім дзеячом выглянула сустрэч поўная небясьпека... Губіўся ўсякі сэнс да далейшае акцыі супроць савецкага напрамку. Нарэшце, пад восень 1925 году эволюцыя ўлева беларускае інтэлігенцыі ў Заход­няй Беларусі скончылася заснаваньнем пасламі сойму беларускае работніцка-сялянскае грамады.

Гэтым здарэньнем гісторыя засьведчыла непарушнасьць соцыяльнага разьвіцьця беларускага руху водлуг запатрабаваньняў Кастрычніка­ вае рэволюцыі. Таксама гэта здарэньне асудзіла і буржуазна-дэмократычны адколак у беларускай інтэлігенцыі, які выключна папаўняў эмі­грацыю, і абраны гэтай эміграцыяй шлях, і праробленую ёю працу. Гэта здарэньне, нарэшце, дапамагло найболей далёкаглядным эмігранцкім дзеячом прааналізаваць сытуацыю, азірнуцца навакол і сказаць аман над далейшаю сваёй эмігранцкай чыннасьцю. У верасьні месяцы 1925 году для абгавору складзенага стану была склікана беларуская зарубежная нарада ў Бэрліне. На гэтай нарадзе большасьцю галасоў была вынесена пастанова аб ліквідацыі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі і аб прызнаньні адзіным беларускім цэнтрам—Менску.

Бэрлінскаю нарадаю як-бы засуцэліўся кругабег у гісторыі дробна­ буржуазнае часткі беларускае інтэлігенцыі. Нарада амаль ня цалкам зьнішчыла эмігранцкую супроцьсавецкую акцыю. Толькі мізэрныя астаткі эміграцыі пазаставаліся ў Коўне (У. Ластоўскі, Дуж-Душэўскі і інш.), у Празе Чэскай (Захарка, Крычэўскі, Грыб і інш.) і ў Вільні („Сялянскі Саюз" Ярэміча ды Рагулі з газэтаю „Сялянская Доля").

Але, калі фізычна ў значнай меры ліквідавалася акцыя беларускае эміграцыі, то ці значыць гэта, што эмігранцкая беларуская інтэлігенцыя, якая зараз працуе ў Савецкай Беларусі, супыніліся на думцы: пазбыцца мажлівых лятуценьняў, асуджаных жыцьцём, прызнаць гістарычную не­ абходнасьць Савецкае ўлады і самаахвярна, пад кіраўніцтвам комуністычнае партыі, як правадыра рабочых ды сялян, працаваць над экономічным, культурным ды дзяржаўным жыцьцём Савецкае Беларусі? Ці прызнала яна сябе пераможнай і збанкрутаваўшай? Ці сапраўды ў яе выглядзе выключна Менск ёсьць адзіным беларускім культурным цэнтрам? Ці можа гэта знадворнае прымірэньне, а ў рэчаіснасьці частка беларускае інтэлігенцыі духова жыве ў эміграцыі і дагэтуль?

Гэтыя пытаньні ўсё-ж асталіся мала выясьненымі ў скутку тых спрэчак і гутарак, якія прапілі ў нядаўнім мінулым. Высьветліць іх за­раз поўнасьцю не даецца мажлівасьці і нам. Прычынаю гэтаму тое, што Дыскусіі мінулае зімы, якімі яны гарачымі ні былі, усё-ж далі мала ма-