Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/24

Гэта старонка была вычытаная

ністычнае партыі і непартыйнаю, клясава-народнаю соцыяльна і політычна рознастайнаю інтэлігенцыяй. Бяз гэтага яна, гэта інтэлігенцыя, ня можа знайсьці свайго месца, забыўшы, што сама сабою, як нешта цэ­лае, асобнае, нідзе і ніколі (апроч розных радаў, ды што) ня мела, выпіханае ёю „мажлівасьці ўявіць ініцыятыву". Падаўшыся самаабману, эмі­гранцкая інтэлігенцыя, ці, згодна тэрмінолёгіі С. П. Трамповіча, тая інтэ­лігенцыя, якая, „кахаючы свой народ, ня верыла ў яго сілы" і разумела дзяржаўную ды гаспадарчую незалежнасьць скуткам „сваіх стараньняў і працы", дагэтуль ня можа яго пазбыцца.

Фактычна і зараз тая часьціна інтэлігенцыі, якая, згодна таму-ж С. П. Трамповічу, ня ведала настрою народу, ня ведала яго імкненьня перш-на-перш атрымаць соцыяльную свабоду, ня ведала ўсяе сілы народ­нага гневу і ненавісьці як да польскага пана, гэтак і да расійскага „барына" і чыноўніка,—ня стала на шлях рэволюцыі—бач, інтэлігенцыя эмігранцкая ці народна-рэспубліканская (ад БНР) ніяк ня можа ўразумець, чаму беларуская справа ня лічыцца яе справаю і не аддадзена ёй для кіраўніцтва. Аб тым, да чаго прыводзіць гэткае кіраўніцтва (згодна фактам) і куды яно вядзе—яна думаць ня хоча, а калі й думае—то пра сябе...

Вопыт не пераканаў яе эмігранцкае акцыі ў адмоўнасьці і нягрунтоўнасьці „мажлівасьці ўяўляць сваю ініцыятыву". Ёй думаецца, што гэта выпадкам паперашкодзілі канчатковаму ажыцьцяўленьню яе лятуценьняў, а глеба для іх... ёсьць...

На гэту-ж думку апіраюцца і рэшткі тэй інтэлігенцыі, якая заста­лася за рубяжом. Заядлыя, блудзячы (тэрмін эмігранцкі), вераць і, верачы, гукаюць, што Савецкая Беларусь гіне і што іх пазнала „провидение" яе вызваліць... На іх мове гэта завецца змаганьнем за незалежнасьць, а са­праўды—гэта ёсьць барацьба супроціў рэволюцыі Кастрычніка, супроціў рэчаіснае незалежнасьці рабочых ды сялян. Зразумела, што ў гэтым ёсьць вялікая доля інтэлігенцкае панікласьці, але побач з гэтым шмат і зларадніцтва. Дарэмна С. П. Трамповіч кажа, што „беларуская інтэлі­генцыя ні пры якіх умовах у сваёй масе ня можа стаць прыгоншчыкам. Гэткім чынам, трэба сказаць адно, што манлівыя надзеі, якія грунтуюцца на нацыянал-дэмократычнай ідэолёгіі, якая ў сваю чаргу апіраецца на дробна-буржуазную клясавасьць акрэсьленае часткі беларускае інтэліген­цыі, яшчэ цалкам ня выветрыліся з галоў гэтае інтэлігенцыі. Але кола апошняе зусім ня шырокае. Паступова яно звужваецца і ў працягу не­каторага часу сыйдзе на няма нішто.

Рост маладое савецкае інтэлігенцыі ідзе шпаркім тэмпам. Цяжар культурнае працы, якую ўвесь час гарда цясла працоўная большасьць беларускае інтэлігенцыі з часоў 1905 г., няўхільна астаецца на яе плячох. Мацнее ды крэпне беларуская дзяржаўнасьць, экономічны дабрабыт, куль­турнае будаўніцтва, якім падставу дала Кастрычнікавая рэволюцыя і ў