Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

кевіч. Усё-ж і апошні бачыў палепшаньне долі беларускага селяніна не ў экономічным, політычным і нацыянальным вызваленьні, а ў паводзінах яго, у пабудаваньні хатняга быту селяніна і інш.

В. Дунін-Марцінкевіч быў лібэралам-народнікам, але сваё народніцтва тапіў у панскім сэнтымэнтальным лібэралізьме. Сам сябе ён лічыў «дударом простага народу", нават выпадкова падглядаў соцыяльную не­справядлівасьць, якая давіла беларускае сялянства, а ня толькі зжыць гэту несправядлівасьць адпаведнымі мэтодамі не парадзіў, а нават не адмячаў яе ні ў сваіх творах, ні ў сваіх гутарках.

У сваім артыкуле т. У. Ігнатоўскі[1] ўпапад характарызуе соцыяльны бок асобы В. Дунін-Марцінксвіча гэткімі словамі: „Як лібэрал-шляхціц, В. Дунін-Марцінкевіч лічыць, што паміж прыгоньнікам панам і запры­гоненым селянінам соцыяльнае прорвы няма. Ёсьць толькі яма, якую маг­чыма запоўніць аднымі моральнымі сродкамі. Трэба толькі, каб пан шана­ваў і любіў селяніна і клапаціўся аб яго дабрабыце. Селянін у вадказ на такія да яго адносіны павінен „хваліць бога, шчыра працаваць, любіць добрых паноў, маўляў, родных бацькоў". Само сабою зразумела, што В. Дунін-Марцінкевіч адбіваў погляды цэлае катэгорыі тагачаснае бела­рускае інтэлігенцыі. Да беларускага селяніна яна была ня блізка.

Іначай глядзелі на сялянскую справу рэдкія ў той час сялянскія інтэлігенты, прадстаўніком якіх быў у той час П. Бахрым. Як пахаджэнец з сялян, П. Бахрым займаўся пісаньнем твораў аб сялянскім быце і яго хваробах. Апроч пісаньня, ён нават прыняў удзел у паўстаньні сялян, якое было ў яго часы (у 1850 г.) у яго мястэчку Крошыне на Навагрудчыне. За гэта ён быў здадзены ў салдаты. Як бачым, П. Бах­рым мог-бы лічыцца папярэднікам тэй асноўнай грамадкі інтэлігенцыі, якая вышла на сцэну пасьля 1905 г. Аднак, яго зьявішча ў беларускім руху таго часу не адзначае характэрнасьці і ёсьць фактам адзіным. Вось чаму для пасьлядоўнасьці ў гістарычным зьвязку разьвіцьця ідэй трэба лічыць яго пераймальнікам толькі К. Каліноўскага з некаторымі ўдзель­нікамі тае справы, якую яны вялі.

К. Каліноўскі хоць і ня вышаў з таго стану, з якога вышаў П. Бахрым, усё-ж ён сумеў падлавіць ідэі, што хвалявалі П. Бахрыма, па­глыбіць іх і папробаваць правасьці ў жыцьцё ўжо не праз паўстаньне мяш­чан аднаго мястэчка, а праз краёвае паўстаньне.

Бязумоўна, што пакаленьне беларускае інтэлігенцыі, у васяродку якога стаіць Ф . Багушэвіч, таксама для сваёй працы атрымала багата нат­хненьня ў ідэях К. Каліноўскага. Пакуль няма ўказаньняў гісторыі на тое, як Ф . Багушэвіч і яго адначасьнікі непасрэдна ўбіралі ў сябе веяньні 63 году, але лёгічна неадмоўна, што гэткае здарэньне, як паўстаньне 63 году, не абмінула і не магло абмінуць ніводнага, нават больш-менш сьвядомага чалавека. Тым болей Ф . Багушэвіч ня мог ня быць захоп-

  1. "Маладняк” № 12(3). У. Ігнатоўскі. Увагі да вынікнавеньня беларускага руху.