Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

Але справа ў тым, што інтэлігенцыя гэтага часу жыла ў іншых умовах, чым пакаленьне Ф . Багушэвіча. У краі адзначаўся ўзрост пра­мысловасьці, ішло павялічэньне колькасьці рабочае клясы, нараджэньне марксыцкіх груповак, а пасьля (у 1896 г.) залажылася і РС-ДРП. Ды, на­огул, рэакцыя, што наступіла пасьля разгрому народавольцаў, стала ра­дзець, пачалося агульнае політычнае ажыўленьне. Пад націскам рабочага руху, які ў гэты час ішоў на ўздым ды пашырэньне, буржуазныя ды дробнабуржуазныя слаі паглыблялі сваю опозыцыйнасьць да пануючага ладу і бралі нахіл улева. Студэнцтва йшло ў соцыялістычныя партыі і заўжды солідарызавалася з рэволюцыйнымі выступленьнямі рабочых. Вось чаму мы бачым, што першую нацыянальна-соцыялістычную беларускую партыю (Беларускую Сацыялістычную Грамаду (раней Беларускую Рэволюцыйную Грамаду) у значнай меры папаўнялі прадстаўнікі студэнцкай інтэлігенцыі. Аднак, некаторая частка інтэлігенцыі аставалася ўбаку ад соцыялістычнага руху, шкадуючы расставацца з сваімі клясавымі прыві­леямі. Вось мы й бачым, што трэцяе пакаленьне беларускіх пісьмень­нікаў, так званыя дзевяцідзесятнікі, выразна разьмяжоўваюцца па сваіх соцыяльных адзнаках на дзьве групы, згодна таму падзелу, які справодзіў і нарадзіўшую іх інтэлігенцыю. Калі Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі), У. Ластоўскі ды інш. прадстаўлялі ўсё тую-ж шляхецка-буржуазную галіну апошняе, то К. Каганец і Цётка (А. Пашкевіч) ужо даюць нам песьняроў соцыяліс­тычнага адбітку. Бадай што яны фактычна ёсьць першыя закладальнікі тае грунтоўнае ў беларускім нацыянальна-культурным руху асярэдзіны дзеячоў, якія пранясьлі на сабе ўсю цяжар часоў замацаваньня ды аформленьня беларускае справы. І Карусь Каганец і Цётка зьвянчалі ў сваёй чыннасьці ліру поэты з мячом барацьбіта рэволюцыянэра, гэтым пера­няўшы спадчыну К. Каліноўскага. Абое з іх належалі да актыўных сяб­роў соцыялістычных партый, абое цярпелі ад рэпрэсый за гэту сваю чыннасьць.

Гэткім чынам, буржуазныя адзнакі беларускае інтэлігенцыі 90-х гадоў XIX стагодзьдзя зьмякчаліся, выціраліся, а то і гінулі зусім. У скутку праз соцыялістычныя партыі выхавалася новая беларуская інтэлігенцыя, якая ўжо цалкам прыняла на сябе справу вырашэньня нацыянальнага руху ў яго складанасьці з соцыялістычных пытаньняў і пытаньняў політычных. Выразных гістарычных традыцый у гэтае інтэлігенцыі ня было, таксама слабымі былі й тыя мотывы, якія-б надавалі ёй гонар пахаджэньня, са­слоўную гордасьць ды інш. Што аставалася ад гэтага—нішчылася ў цягу партыйнае працы. Праўда, ня ўся і гэтага гатунку інтэлігенцыя захоў­вала ўвесь час аднакавасьць у сваім настроі. Вялікая яе частка, выхо­дзячы са стану студэнцтва, тупіла свой радыкалізм ды рэволюцыйнасьць, нажываючы новыя буржуазныя асабістасьці і ўсвойныя ім погляды ды чыннасьці... Дазволіла-б гісторыя выключна гэтага роду інтэлігенцы ўручыць беларускі рух на доўгі час, мажліва, што ён усё-ж меў-бы до-