Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

сыць густы адслоек буржуазнасьці і даваў-бы повад для незразумелага погляду на гістарычную ролю беларускага нацыянальнага руху.

Але гэтага ня здарылася. Гістарычны ход разьвіцьця грамадзкасьці прывёў да таго, што пераважнасьць працы ў беларускім нацыянальным руху пасьля рэволюцыі 1905 году засталася на плячох навейшае ўжо чыста народнае, рамесьніцкае ды сялянскае, інтэлігенцыі. Толькі невялі­кая колькасьць розначыннае інтэлігенцыі 90-х г. г. засталася вернаю на­роднай справе. І гэта колькасьць мусіла, вядома, урэшце парваць сваю сувязь з асяродкам, з якога вышла.

Рэволюцыя 1905 году ўзьняла сялянска-работніцкія гушчы, разварушыла іх і адслаіла з іх буйныя кадры інтэлігенцыі, уцягнуўшы яе ў працу на ніве нацыянальна-соцыяльнага адраджэньня Беларусі. Кіраўніца ў той час беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху, Беларуская Сацыялістычная Грамада, у значнай меры папоўнілася яе прадстаўнікамі, як настаўнікі- паштавікі, чыгуначнікі, пацягнуўшы за сабою рабочых ды сялян. Вось гэта эпоха і замацавала базу беларускаму руху, аформіўшы яго, як рух працоўных гушчаў, як нацыянальна-рэволюцыйны рух.

1905 год наогул пераламаў сваімі падзеямі хронолёгічную пасрэд­насьць у складаньні многіх ідэй і ў эволюцыі клясавага напластаваньня. Тое сталася і ў адносінах гістарычнага разьвіцьця беларускае інтэліген­цыі. Кадры новых прыходцаў у беларускую справу з гушчы сялян ды рамесьнікаў унясьлі ў яе свае, адпавядаючыя соцыяльнаму стану пера­важнай большасьці беларускага народу мэтоды і характар. Яны-ж, гэтыя прыходцы, будучы „сольлю свае зямлі", таксама і ў гісторыю інтэліген­цыі прынесьлі корэктыў, які цалкам зьмяніў яе клясавую струк­туру. Згодна гэтаму корэктыву, шворанам, асяродкам, асноўным руха­чом інтэлігенцкае думкі і працы надалей стала выключна інтэлігенцыя работніцка-сялянская. Яна пераняла пасьля 1905-1906 г. г. на свае плечы цалкам беларускую справу, і яна пачала пісаць яго гісторыю і разам гіс­торыю сваю.

Дзякуючы гэтаму зьявішчу, мы бачым, што політычны бок беларуската нацыянальнага руху даў вынікі ў выглядзе гостра-рэволюцыйных лёзунгаў Беларускае Сацыялістычнае Грамады, як прызыў да ўзброенага паўстаньня, бойкот Дзяржаўнае Думы, цалкам соцыял-дэмократычную програму-мінімум. У галіне-ж культурнай паўстала новая, прасякнутая соцыяльнымі, нават пролетарскімі ідэямі, беларуская літаратура. Таксама зьнізу, з гушчаў новае працоўнае інтэлігенцыі ўзрос тэатр. Тут ужо пра­цы буржуазнай інтэлігенцыі амаль што ня было. Яе ласкаю не карміліся. „Наша Ніва", вакол якое гуртаваўся беларускі рух, знаходзілася пад непасрэдным уплывам працоўнае інтэлігенцыі, запаўнялася яе матэрыялам, распаўсюджвалася ёю, яе сіламі падтрымлівалася. І вось таму, што на­родная інтэлігенцыя рашуча адціскала ад беларускае справы ўсе дробна­- буржуазныя ідэі, апошнія пачалі концэнтравацца ў асобны асяродак. Не-