Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

вялікая лічба буржуазна-шляхецкай інтэлігенцыі, якая ўсё-ж існавала і на­ват мела тэндэнцыю пашырацца, у 1910 г. была заснавана новая што­тыднёвая газэта. Газэта ў процівагу „Нашай Ніве" ставіла сваёю мэтаю абарону хрысьціянска-нацыянальна-дэмократычнага напрамку ў беларускім руху. Аднак, праца грамадкі з „Крыніцы"[1] ў той час ня мела значнага посьпеху: занадта слаба была тая пэрыфэрыя, на якую разьлічвалі натхніцелі гэтых ідэй. І іх роля заключалася ў тым, каб абараняць да лепшых часоў прынцыпы свайго навучаньня.

У гэткім покаце ішло разьвіцьцё беларускае нацыянальнае справы працягам восемнаццаці год. Паступовы рост і ўзмацненьне народнае інтэлігенцыі адбываліся ўвесь час. Дробна-шляхецкая-ж інтэлігенцыя ў адносінах колькасьці мала падавалася наперад. Такім чынам, беларускі рух натуральна гартаваўся пад сьцягам працоўна-соцыялістычных прын­цыпаў. Яго нясупынна папаўнялі сьвежыя маладыя сілы, якія пасылалі ад сябе працоўныя гушчы. У іх вачавідкі раставалі прадстаўнікі буржу­азнае інтэлігенцыі і нават студэнцтва. Апошняга толькі лічаныя адзінкі, групуючыся ў Пецярбурзе пры выдавецтве „Загляне сонца і ў наша ва­конца", не парывалі з беларускім нацыянальным рухам.

Пры гэткай сытуацыі падасьпела лютаўская рэволюцыя 1917 году. У адчыненыя ёю вароты беларуская працоўная інтэлігенцыя ўвашла сама сабою.Перад ёю аднэй паўстала заданьне: захапіць у сфэру беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху абуджаныя рэволюцыяй шырокія ся­лянскія, рабочыя і салдацкія гушчы.Да гэтых гушчаў яна і зьвярнулася. Камітэты Беларускае Сацыялістычнае Грамады (Менскі, Пецярбурскі, Маскоўскі) зразу вышлі на вуліцу з сваімі лёзунгамі і кінулі іх ў працоўныя масы. Апошнія дружна адгукнуліся на прызывы БСГ. У хуткім часе організацыі гэтае партыі пашлі расьці за кошт рабочых, сялян і асабліва салдат. На ўсіх фронтах залажыліся партыйныя камі­тэты Беларускай СоцЬіялістычнай Грамады. К лету 1917 г. вагромністы размах беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху цалкам падпаў пад яе ўплыў. Абраны на зьезьде ў сакавіку (25) гэтага году Беларускі на­цыянальны камітэт з надворнага боку як-бы на нейкі час злучыў бела­рускую інтэлігенцыю пад лёзунгам „нацыянальных імкненьняў". У яго склад былі ўведзены прадстаўнікі ўсіх напрамкаў у беларускім руху. Але на другі дзень пасьля выбараў камітэту праца кожнае партыі па­шла паасобку. Праўда, у камітэце астаўся прэзыдыум, які праз стар­шыню камітэту стараўся насаджваць і пашыраць нацыянальна-дэмократычныя думкі, насьледаваныя ад гуртка пры „Крыніцы" і яго пасьлядоўцаў у выглядзе нацыянальна-дэмократычных аб'яднаньняў, якія паў­сталі з часам лютаўскай рэволюцыі, але яго працы ані не давала раз­гарнуцца праца соцыялістычных беларускіх партый, як БСГ і БСДПб,

  1. "Крыніца"—газэта, якая выходзіла ў Вільні і якую выдавалі беларускія дзеячы буржуазна-шляхецкае ахварбоўкі.