Старонка:Беларуская інтэлігенцыя ў гістарычным аспэкце.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

заснаваная ўлетку (чэрвень месяц) у Пецярбургу. У ліпні месяцы (8) пад націскам гэтых партый нацыянальны камітэт быў перайменаваны ў Раду беларусках арганізацый і партый; Рада амаль ня цалкам была складзена з грамадаў, дапусьціўшых у яе для проформы па адным прадстаўніку ад трох іншых груповак (беларуская партыя народных соцыялістых, дэмократычная партыя і непартыйныя). Далей ва ўсіх політычных выступленьнях як беларускага характару, гэтак і агульна­ расійскага, беларускі нацыянальна рэволюцыйны рух прадстаўляла вы­ключна Беларуская Сацыялістычная Грамада, якая к гэтаму часу склада­лася з працоўнае інтэлігенцыі, з сялян, з рабочых ды з салдат. Невялікая колькасьць буржуазнае інтэлігенцыі цацкалася з сваімі лёзунгамі ў вуз­кім коле сваіх прыхільнікаў, зусім ня маючы ўплыву на разьвіцьцё бе­ларускага руху. Мажліва, што пайдзі разьвіцьцё здарэньняў іншым напрамкам, чым той, які прыназначыўся яму лютаўскай рэволюцыяй, бур­жуазная галіна беларускай інтэлігенцыі варылася-б у ціхім стаўку сваіх аджыўшых плянаў ды намераў. Але, як то ні дзіўна, паглыбленьне кля­савага змаганьня чым далей ад лютага, тым болей паспрыяла будучай бела­рускай эміграншчыне. І вось чаму: паглыбленьне клясавага змаганьня дык­тавала кожнай соцыялістычнай партыі паўней адмежавацца ад таго наслою чужых элемэнтаў, які да іх прыстаў у час лютаўскіх падзей. Тады нейкая частка буржуазнае інтэлігенцыі, нявыясьненых політычных погля­даў, болей прадстаўнікі многалікіх аб'яднаньняў „трудавое інтэлігенцыі", "радыкалаў", „коопэратараў" і інш. па пахаджэньні беларусаў, рашылі забыць мінулае і сталі перакідацца ў беларускі лягер. Пад нацыяналь­ным сьцягам было шмат лягчэй захаваць сваё крэдо, падкрэсьліць свой радыкалізм нацыянальнымі лёзунгамі.

Ужо к часу ліпнёўскіх дзён (5—7 ліпня 1917 г.[1]) у Пецярбурзе беларускія соцыялістычныя колы пачулі выразны напор супроць сваіх лёзунгаў з боку новага, дагэтуль нязначнага павею буржуазна-шляхецкага з прымесьсю вобласьніцка-русыфікатарскага псэўдо-дэмократызму. Страляніна на Неўскім хутка адбілася спачуваньнем Кераншчыне ў сэр­цах розных радаўцаў, аўтономістых, вобласьнікаў ды інш. У вадзін кашэль пачалі сплятацца рознастайныя колеры буржуазнай адшчапеншчыны, пе­рабіраючы ў сваіх брудных руках пытаньні беларускае справы. Трохі пазьней з іх вызначыўся адзіны фронт, увабраўшы ў сябе ад чорнасотніцкіх „Саюзу беларускага народу" ў Віцебску, „Саюзу беларускай дэмократыі" ў Гомлі, праз бясколерныя "Народную Грамаду" ў Маскве дь Калузе, "Беларусаў аўтономістых“ у Туркестане[2], ажно да беларускіх прадстаўнікоў першага зьезду сялянскіх дэпутатаў, эсэраў і меншавікоў, організаваных пасьля ў „беларускі вобласны камітэт". Гэты фронт быў

  1. У гэтыя дні адбылося ў Пецярбурзе паўстаньне бальшавікоў.
  2. Програмы гэтых організацый адмечаны мною ў артыкуле "Люты—Кастрычнік у беларускім нацыянальным руху" , зборнік „Беларусь", выданьне БССР, Менск, 1924 г.