Старонка:Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі.pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

беларускага народу да вызваленьня з-пад ярма прыгоньнікаў; карыста­ючыся на сваім крывавым шляху дружным падтрыманьнем духавенства, памешчыкаў, капіталістых і ўсіх выглядаў іхных паслугачых—да соцыял-згоднікаў уключна,—уся гэта зграя намагалася затуманіць рабочых і сялян рознымі хлусьлівымі, абмоўнымі нападамі на Расійскую соцыялістычную рэволюцыю, старалася заглушыць іх клясавую сьвядомасьць і пераняць ненавісьць да іх адвечных ворагаў-капіталістых,—каб гэткім чынам калі і ня зусім абмінуць, дык адцягнуць на магчыма доўгі час канец іх неабмежаванага панаваньня і глуму над рабочымі гушчамі. Але, ня гледзячы на самае жорсткае зьнішчэньне ўсякага рэволюцыйнага руху сярод беларускага пролетарыяту і сялянства, рэволюцыйны дух у іх не забіты, а, наадварот, яшчэ болей рэволюцыянізаваў іх. З прычыны дзевяцімесячнай вакханаліі на Беларусі нямецкага броняванага кулака, які часткаю зьнішчыў і адправіў у нямецкія вастрогі, часткаю прымусіў эміграваць у Расійскую соцыялістычную рэспубліку лепшых правадыроў беларускага пролетарыяту і вясковай беднаты, цяпер зусім мала заста­лося на мясцох сьвядомых і дасканала падрыхтаваных да соцыялістычнага будаўніцтва працаўнікоў. Тыя, што засталіся там, — легальныя прадстаўнікі соцыял-згодніцкіх нацыянал-шовіністычных партый,—стараюцца як мага выкарыстаць спагаднае для іх пакуль становішча. Але вядома, што паны-згоднікі, якія ўжываюцца з нямецкім імпэрыялізмам, калі сусьветная гісторыя зробіць паварот, вельмі лёгка могуць зьмяніць нямецкую орыентацыю на орыентацыю амэрыка-ангельска-францускую з тым, каб зноў прадаць справу соцыяльнае рэволюцыі на Беларусі ў рукі літоўскіх і польскіх паноў, капіталістых і клерыкальнага духавен­ ства. Усе гэтыя паказальныя факты ўладна вымагаюць стварэньня, у шчыльнейшым контакце з вялікаю Расійскаю соцыялістычнаю фэдэрацыйнаю рэспублікаю, моцнага Беларускага рабоча-сялянскага ўраду, выяўніка волі беларускае беднаты. Трэба, каб гэты ўрад мог з прыяз­най дапамогай Расійскай соцыялістычнай рэволюцыі абараніць бела­рускую беднату ад сусьветнай контр-рэволюцыі, якая пасуваецца ў вы­глядзе вызваліцелькі нацыянальнасьцям ад „запрыгоненьня іх расійскім бальшавізмам" і іх самавызначэньня, каб гэты ўрад даў магчымасьць і беларускаму пролетарыяту зрабіць свой уклад на карысьць насьпяваючай сусьветнай соцыяльнай рэволюцыі".

* * *

Пры разглядзе пятага пункту павесткі дня конфэрэнцыя найбольшую ўвагу зьвярнула на тры пытаньні, гэта: 1) рэорганізацыя Беларускага нацыянальнага камісарыяту; 2) стварэньне беларускай Чырвонай арміі і 3) пытаньне пра сельскія комуны. Кожнае з памянёных пытаньняў вы­магала падрабязнага абгавору і ўсебаковага вывучэньня; па кожным з іх выказваўся шэраг таварышоў-удзельнікаў конфэрэнцыі. У выніку абга