Старонка:Беларускі аддзел Весніка НКА ССРБ (1921).pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

дружную працу, каб будаваць будынак новага жыцьця. І праца йдзе ў добрым радасным настрою. Згінуў сум, зьявіліся сьвятлістыя, новыя творчыя думкі. Цемра векавочная згінула, і асьвятліўся абшар многапакутнай Беларусі. Там, дзе раней панавала сумная песьня эксплёатуемага раба, дзе песьняры толькі нылі і скардзіліся, зараз нясецца новая радасная песьня, клічачая да творчай працы і поўная веры ў лепшую будучыну.

«Чырвоны золак загарэўся,
І згінуў хутка мрачны сум,
І шмат з душы цяпер ліецца
Сьвятлістых новых творчых дум...
Над шматпакутнаю старонкай,
Дзе чулася адно выцьцё,
Нясецца кліч да творчай працы,
Лунае новае жыцьцё.
Я цьвёрда веру, край мой родны,
Што возьмеш верх ты над цямрой,
І праўда, веданьне і брацтва
Ўжо запануюць над табой».

Пралетары пясьняр кліча да дружнай супольнай працы рабочага і селяніна. Яны павінны разам працаваць у гэты гарачы час рэвалюцыйнай творчасьці. Працоўныя масы абкружаны злымі ворагамі, каторыя робяць усё, каб разьбіць гэту дружную працу і каб утварыць ёй размаітыя перашкоды. І паратунак пралетарска - сялянскай Беларусі толькі ў згоднай, супольнай працы пралетарыя-рабочага з паўпралетарыем-селянінам. Недарма яны разам сталі пад чырвоным сьцягам, недарма чырвоным гэрбам іх гаспадарства зьяўляюцца молат і серп.

«Гэй, рабочы нелядачы!
Шчыра ты працуй;
Час прышоў для вас гарачы,
Краю долю куй!
Селянін разам з табою
Зьнішчыць заняпад.
Йдзеце-ж к працы грамадою.
Жыцьцё пойдзе ў лад.
Недарэмна серп і молат
Наш чырвоны гэрб».

У сучаснай цяжкай працы першым павівен ісьці пралетары-рабочы. Ён больш вытрывалый, ён больш зарганізаваны. Ён больш разумее ўсю сьпешнасьць работы і вялікія заданьні яе.

«Дык гэй! Наперад ты, рабочы,
З вясёлай песьняй, грамадой.
Ўздувай ты горн і куй, як сіла,
За справу працы цьвёрда стой!»

За пралетарыем пойдзе да працы і селянін. Раскіданы па глухіх куткох працоўнай Беларусі, пакрыты дагэтуль векавечнай цемраю і закуты ў ланцугі няволі, ён думаў да апошніх часоў, што яго паратунак у дробнай уласнасьці, у дробнай гаспадарцы. Але мінулы час павінен быў пераканаць яго, што не ратуе яго маленькая, дробная ўласнасьць, што яна не прыносіць тэй карысьці, як гаспадарка аб'яднаная, калектыўная. І пясьняр-пралетары, сам выйшаўшы з вёскі, сам бачыўшы, як ратуе селяніна яго дробная гаспадарка, кліча яго да камуны, каторая прынясе сялянству тое, чаго не магла прынясьці і не прынясла дробная гаспадарка.

«Кідайце смутак і сяляне.
Цяпер прад вамі вольны шлях.
Дык, брацьце, йдзеце вы камунай
Хутчэй да працы на палях».

Трэба кінуць смутак, каторы застаўся, як перажытак мінулых цяжкіх гадоў і сталецьцяў. Досыць сьлёз і енку! За работу працоўныя масы Беларусі! Вас чакае адбудова зруйнованых хат і патаптаных палёў.