Старонка:Беларускі аддзел Весніка НКА ССРБ (1921).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

становаю аб супольнай працы і стварэньні Краёвай Савецкай (Радавай) Улады на Беларусі, ці інакш, поўнага права самавызначэньня беларускага народу (глядзі "Известія Петербургскаго Совета Раб. і Кр. Депутатов" ад 6/ХІІ 1917 году № 244). У тым самым часе "Бел. Сац. Дэм. П. вяла так сама размовы з Усер. Цэнтр. Выканаўчым Камітэтам, які даў грошы, каб партыя паслала сваіх дэлегатаў на зьезд.

На зьезьдзе было 1872 дэлегата (у тым ліку вайсковых асоб 716). Тут былі прадстаўнікі Меншчыны, Магілёўшчыны, Вітабшчыны, Смаленшчыны і нават Віленшчыны і Гродзеншчыны, занятых немцамі (ад гэтых двох апошніх губэрній былі прадстаўнікі уцекачоў).

Зьезд быў пераважна сялянскі але было шмат і работнікаў, прадстаўнікоў кааператываў, гарадоў, сацыялістычных партыяў і г. д. На зьезьдзе было змаганьне яўных і патайных ворагаў Радавай улады і праціўных самавызначэньню Беларусі (пераважна прадстаўнікі земства з расейскіх правых эс-эр. некаторых членаў "Б. А. К.") з аднаго боку, а з другога боку левай частке зьезду і прадстаўнікоў пераважнай часткі беларускіх арганізацыяў. Верх узялі левыя і зьезд пераважным лікам галасоў падаў свой голас за Ўладу Рад Работніцкіх, Сялянскіх і Салдацкіх дэпутатаў Беларусі і за ўзмацаваньне Радавай Улады на Беларусі, уваходзячай у Фэдэрацыйную сувязь з Р. С. Ф. С. Р.

Канец 1918 году, калі адбылася рэвалюцыя ў Нямеччыне і пачаўся выхад немцаў з Беларусі, адзначыўся пашырэньнем беларускай камуністычнай працы. 21-га сьнежня ў Маскве адбылася канфэрэнцыя беларускіх камуністычных секцый Р. К. П., якая пастанавіла прагаласаваць Беларускую Радавую Сацыялістычную Рэспубліку і выбрала Цэнтральнае Бюро беларускіх сэкцый Р. К. П. Адначасна у Смаленску на 6-ай канфэрэнцыі Р. К. П. выносіцца такая самая пастанова аб Беларускай Рэспубліцы ў складзе: Горадзеншчыны, Вітабшчыны, Магілёўшчыны, Меншчыны і Смаленшчыны. 6-ая канфэрэнцыі называе сябе 1-ым зьездам Камуністычнай Партыі Беларусі.

2-га лютага 1919 году часовы работніцка-сялянскі ўрад Беларусі абвяшчае Беларускую Радавую (Савецкую) Сацыялістычную Рэспубліку, Беларускае пытаньне прызнаецца юрыдычна пытаньнем дзяржаўным і міжнародным.

Стары Піліп.