Старонка:Беларускі аддзел Весніка НКА ССРБ (1921).pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

да вадараздзелу рэк Заходняй Дзьвіны, вазёраў Чудзкага і Ільменя; на ўсходняй — лясы на Дзесне і лясы па вадараздзелу прытокаў Дняпра, Окі і Волгі. Па ўсходняй граніцы Беларусі праходзіць эўропэйскі вадараздзел, каторы дзеліць басейны Заходняй Дзьвіны і Дняпра, і вадараздзел Касьпійска - Чарнаморскі і Касьпійска-Бальтыцкі. Гэта вадзяны вузëл усёй ўсходняй Эўропы і натуральная ўсходняя граніца Беларусі. Яна адначасна і кліматычная мяжа, таму што ў вялікарускіх паветах Смаленскай губэрні (Гжацкі, Вяземскі, Юхнаўскі і Сычоускі) клімат ужо контынэнтальны. У беларускіх паветах Смаленскай губэрні атмосфэрных асадкаў больш 600 млм, тагды як у вялікарускіх да 500 млм.

Этнографічная граніца Беларусі праходзіць па географічнай і кліматычнай межам. Дзесна зьяўляецца пагранічнай этнаграфічнай ракой паміж Беларусью і Вялікарасеяй і Украінай.

Беларусь абмяжована вазёрамі, балотамі, ляснымі гушчарамі, якіе яшчэ ў мінуўшчыне адасобнілі беларускі край, як самабытную адзінку.

Згодна з даннымі навукі Беларусь — сельска-гаспадарчы край. Сялянства ў большай сваёй частцы малазямельнае (75,6%) і, калі далучыць сюды яшчэ 14,6% беззямельных, бачыма, што 90,2% селянства гэта бедната не карыстаючая з чужой працы; рэшта селянства гэта сярэдне-заможныя; кулакоў, як гэта мы бачым у Расеі, бадай што няма зусім.

Характэрнымі вызначаючымі рысамі сельскай гаспадаркі Беларусі зьяўляюцца — атсутнасьць форм супольнага уладаньня зямлёй, індывідуальная паасобная селянская гаспадарка, вялікі лік панскіх маёнткаў з капіталістычным характарам вытворчасьці (з агульнага ліку зямлі ў 30 міліёнаў дзесяцін, у паноў было каля 14 міліёнаў, у казны, цэркваў, касьцёлаў, манастыроў і другіх установаў 2½ міліёны), вялікі лік безьзямельных парабкаў пралетарыяў (толькі ў 6-ці паветах Меншчыны іх каля 60 тысячаў).

Характэрныя асаблівасьці сельскагаспадарчай вытворчасьці: вялікія абшары луга-балот, патрабуючыя асушкі й мэліорацыі (зямельных паляпшэньняў) у агульна-краёвым масштабе (у краі лічіцца няўдобнай зямлі 3.800.800 дзесяцін), шнуравая гаспадарка і дальне зямельле, пераход сялянства ад трохпалёўкі да вышэйшай сыстэмы гаспадаркі (многапольле).

Фабрычная прамысловасьць з прычыны недахвату ў краі вялікага капіталу і ў зьвязку з палітыкай быўшага царскага ўраду ў стасунку да «акраін» мала развілася і толькі ў апошнія даваенныя гады пачала расьці. У Беларусі вельмі разьвіліся рамёслы і сельска-гаспадарчая прамысловасьць (вырабы з прадуктаў сельскай гаспадаркі).

Усяго жыхароў у Беларусі больш меньш 16 міліёнаў, у тым ліку беларусаў ня меньш 80%.

Беларускі народ перажыў час найвялікшага разьвіцьця дзяржаўнасьці (XI-XII сталецьця) і сваёй нацыянальнай культуры (у XI-XVI сталецьцях), абудаваных на свабодна дэмакратычным фундамэнце. Ён затым на працягу многасталетняга жыцьця ў зьвязку Польшчай (XVI-XVIII сталецьця), а потым з Расеяй (XVIII-XX сталецьця) ніяк на мог згадзіцца з цэнтралізмам, які накідала Беларусі Польша ў форме шляхоцка-арыстократычнай рэспублікі й Масква ў форме баярскай олігархіі й манархічнага абсолютызму. З прычыны нацыянальна-рэлігійных антаганізмаў і іншых соцыяльных з'явішч беларускі народ ня змог захаваць свайёй дзяржаўнай незалежнасьці. Аднак ня гледзючы на ўсё гэта, ён ўсё ж такі захаваў рысы нацыі, што адрожнівають яго ад іншых народаў.

Пакінутая самой сябе з яе прымітыўным укладам жыцьця, беларуская народная маса захавала сваю мову, звычаі, свой самастойны культурны і эканамічны уклад жыцьця.

Першыя крокі беларускага на