Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

§ 22. Матэрыялы для сьпісваньня й дыктовак.

1. На прадвесьне.

Рушыўся сьнег. Зашумела вада.
Раскаваліся рэкі ад лёду.
Лынула вон зімавая вада.
Сонца прыносіць цяпло і пагоду.
Шумныя песьні іграюць лясы.
Павявае вятрок цеплаваты,
Белая: ніва ад сьнежнай расы
Убіраецца ў чорныя латы.
Зморана трушанкай ў цёмных хлявох,
Адзываецца рыкам скацінка.
Конікі ў стайнях іржаць пры жлабох.
Бацян праляцеў над адрынкай.
Будзіцца посьля зімовага сну
Па хацінках люд працавіты;
Скоранька цягне саху, барану,
Глядзіць — шыны на колах ці зьбіты.

Янка Купала.

2. Воўчае жыцьцё.

У цёмным яловым лесе, у вялікай нары, вывела ваўчыха трох ваўчанят. Сталі яны падрастаць і пачалі вылазіць з нары, каб пабачыць, што робіцца наўкола. Каля нары рос малады густы ельнік. Недалёка, пад горкаю, было балота. Ваўчаняты любілі гуляць найбольш уначы, бо сонечныя косы рэзалі ім вочы, а птушыны сьпеў, далёкі гоман людзей і брэх сабак палохалі іх. Бацькі прыносілі ім уначы накрадзенага пажытку: авец, парасят, зайцоў, гусей. Наядуцца яны, пойдуць у балота пахлябтаць вады і пачынаюць дурэць каля тоўстае гнілое калоды, што ляжала каля нары.

Прышла восень. Ваўчаняты вырасьлі ды пакінулі нару. Іх вадзіў аблетак — гадавалы воўк, што бацькі пакідаюць пры сабе пільнаваць малых дзяцей, бо самі старыя заўсёды ў паходзе і прыходзяць у гняздо