Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

толькі разоў два на дзень. Нецярпліва чакаюць малыя ваўчкі, пакуль бацькі прынясуць ім есьці, дурэюць і разьбягаюцца ад аблетка. За гэта аблетак карае іх: дагоніць і пачынае біць лапаю або тузаць за карк зубамі.

Людзі заўсёды стараюцца зьнішчаць ваўкоў за іх разбоі. Адзін лясьнік даўно ўжо сачыў гэтую воўчую сям’ю. Ён выў павоўчаму і вабіў дурных ваўчанят. Яны аказваліся. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам на дзень, лясьнік сказаў людзям, і на ваўкоў зрабілі паляваньне. Забілі двох маладых і аблетка. Адзін ваўчок схаваўся пад выварат і стаў ён хадзіць з старымі ваўкамі. Выўчылі яны яго лавіць і душыць свойскую жывёлу. Ня было таго гаспадара, каб не ўхапіў чаго воўк: у ваднаго — авечку у другога — цяля, у трэцяга — подсьвінка. І забіць яго не ўдавалася. Адзін ён заўсёды выкруціцца, уцячэ, пяройдзе ў другую аколіцу, а там яшчэ далей. Так і цягаецца па сьвеце.

3. Летні дзень.

Быў гарачы летні дзень, адзін з тых дзён, аб каторых кажуць: варыць, як у гаршку. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватае смугі, як маладзіца хусткаю, каб ня так пякло сонца. Павяваўшы зраньня вецер сьціхнуў зусім, і здавалася, што ён сьціхнуў не дзеля таго, што гэта так трэба, а сумыслу, на злосьць усім тым сілам, да каторых належала не даваць у зьдзек гарачыні зусім распаранае зямлі і ўсяго яе стварэньня. Адным словам, здавалася, што вецер зазлаваўся, як той дзядзька Піліп, каторы, бачачы, што ён адзін толькі працуе ў хаце, а ўсе туляюцца ад работы, як сабакі ад мух, і што адзін ён нічога ня ўскурае, — плюнуў, кінуў работу і лёг у халадок. І ціха было ўсюды. Маўчаў луг, маўчала поле, на вуліцы ў сяле ня відаць было нікагутка. Толькі зрэдка перабягаў з панадворку ў панадворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшае схаванкі ад мух.