Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

4. Як выдумляюцца страхі.

Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць і часта самую пустую рэч прымае за страх. Апрача таго, неразумныя людзі маленькіх дзяцей страшаць цемнатою, усялякімі дзядамі з торбамі, каторыя быццам бяруць плаксівых нягодных дзяцей. Памаленьку, незаметна для нас самых, у нашую душу засяваецца зерня страху, ад каторага чалавеку потым трудна збавіцца. Незразумелае й страшнае для нас усё тое, чаго прычыны мы ня ведаем.

Ішла раз уночы баба. Дарога праходзіла паміж могілак і карчмы. Карчма стаяла па сярэдзіне дарогі. Напроці карчмы, крокаў за сто, стаялі могілкі — цёмныя, старыя, з хваёвымі крыжамі. Могілкі з іх старою драўлянаю капліцаю, з некалькімі тоўстымі хвоямі і зялёнымі клёнамі, карчма з гнілою, аброслаю мохам, страхою — рабілі ўсё месца страшным і дзікім.

Як толькі баба падышла пад карчму, то пачула, што на могілках нешта плакала, як дзіця. Гэта пугач ці сава сьвістаў ў гнілой капліцы. Баба перапалохалася насьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы. Прыбегшы да вёскі, яна расказала пра невядомы плач. З гэтага часу простыя людзі й сапраўды сталі што-небудзь бачыць або чуць, калі здаралася йсьці аднаму ўночы паміж карчмы й могілак, хоць там і нічога ня было.

Болей навукі — меней страху!

5. Жыта.

Неспакойна зашумела жыта маладое,
Зранку самага трывожна шэпча зеляное.
Каласочкі на саломках галоўкай качаюць,
Каплі роскі на іх лісьці чыстым срэбрам зьзяюць.

Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі?
Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле?
Ды і сонца ў цёмных хмарах твар свой закрывае.
Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае!