Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

„Што-то будзе, што-то будзе?“ ў межах шэпча жыта.
Даль няласкава туманам-смагаю закрыта.
Ой, няхай лепш хмара з градам зьнікне ў чыстым полі!
Няхай жыта, нашу ўцеху, не кране ніколі!

Ня шумі-ж ты гэтак сумна,
Маладзенькі колас,
Бо нам ў сэрцы смутак родзіць
Шуму твайго голас!

Якуб Колас.

|}

6. Ластаўкі.

Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна ды зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім дварэ мілым шчэбетам. Уляцела яна ў гумно, даведалася свайго даўнейшага леташняга доміка. А ён за зіму абсыпаўся, абвіс павуціньнем, толькі камячок гразі дзяржаўся каля сахі, на каторую апіралася страха гумна. Туды прыляцела й другая ластаўка. Пашчабяталі яны ў дзьвёх, парадзіліся ды давай папраўляць сваю хатку. Ачысьцілі яны яе ад павуціньня й пылу. Кожны дзень па некалькі разоў прыляталі яны ў гумно. Насілі ў дзюбках клейкую гразь, замазвалі дзіркі і далей рабілі гнязьдзечка, каб яно было глыбейшае й большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Тагды сталі насіць яны пёрцы ды высьцілаць імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі.

Цераз тыдні два з яечак вышлі голенькія маленькія птушачкі з жоўцёнькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сын Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на саломе, пазіраць, як турбаваліся старыя ластаўкі, носячы корм сваім маленькім дзеткам. А маладзенькія ластавачкі садзіліся ў гнязьдзе ў рад і разьзяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх каторая-небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і лежачы ціха сам сабе сьмяяўся.