Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

7. Лета.

Прышло й лета. Куды ні глянь — усюды зелена, усё расьце, усё сьпее, усё наліваецца. Лісьце на дрэвах вырасла ва ўвесь свой рост і весела трапечацца на сонцы. Весела пазірае стары лес, што расьце за сялом і цягнецца па краёх поля, як разак, пастаўлены зубамі ўгару. Кусты арэшніка, верабіны, чаромхі густа разрасьліся ды далёка параскідалі свае зялёныя галіны. Так зелена, так густа скрозь, што, здаецца, не пралезеш у лес! Птушкі аж глушаць сваімі галасамі, сваім шчэбетам. Некаторыя, раньнія, ужо вывелі дзетак ды клапатліва шчабечуць каля сваіх гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Колькі красак, колькі ўсялякіх матылёчкаў, мошак і пчолак! У паветры стаіць бясконца шум і звон ад іх крыльляў.

Поле пакрылася зяленівам. Ужо выплыў авёс, ячмень. Цягнуцца палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі й сіненькімі кветкамі. Там відаць зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі; бялее грэчка, наліваецца жыта, і ціха шарасьціць яно ў полі сваімі срэбнымі каласкамі. Як слаўна глядзець на гэтыя вузкія палоскі-стужкі сялянскага збожжа, як сьвежы ветрык калыша іх і вядзе з імі невядомыя спакойныя размовы! Жаваранкі рассыпаюцца над імі песьнямі, круцячыся ў небе.

8. Вучыся!

Вучыся, нябожа: вучэньне паможа
Змагацца з нядоляй, з няволяй;
Што мучыць сягоньня, што думкі трывожыць,
Зьбяжыць і ня прыдзе ніколі.
Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, як цёмен ня будзеш.
Такая прынука, як праца й навука,
Ці-ж можа нам сіл не дадаці?
З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
І гора сваё зваяваці.