Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

Агаліўся й парадзеў лес. Стаіць ён, як сірата, смутны й маркотны. А ці той гэта луг? Дзе яго кветкі, дзе пышная трава? Кветкі пасохлі, траву скасілі. Адзін вецер ня мае сабе прыпынку. Носіцца ён па голай зямлі, круціць сухое лісьце і расьсявае сьпелае насеньне з травы й дрэў. Усё чарнее й траціць свой колер, толькі жыта маладое расьце й руніцца. Дый яго скора замарозіць мароз. У гэты позьні асеньні час уся прырода падобна да спрацаванага чалавека, што пасьля цяжкае працы заснуў моцным сном.

15. Аратаю.

Ары, ары, чалавеча, ары
Ад раньняй зары да ночнай пары!
Сошку тваю ты нанова наладзь,
Лепш каб было, чалавеча, араць;
Коніка-сябра свайго паганяй;
Хлеба скарынку з сабою вазьмі,
Чуць толькі сьвет — ты з сахой выхадзі,
Постаць на полі сабе адвядзі,
Кідай барозны ты з краю у край
І родную песьню ціха сьпявай.
Цьвёрдую глебу рэж, уздымай,
Роўна і плытка барозны складай,
З шнура за межу ня кідай зямлі,
Чыста-ж яе у загон прылажы;
Добра глядзі, каб агрэху ня даць, —
Ўсё, як належыць, на полі урадзь.
Чыста ад пырніку поле апратай
(Поле тваё гэтым зельлем багата!),
Бо калі ў пырнік зерне пасееш,
З працы свае карыстаць не здалееш:
Ўсё ён заглушыць і сам узрасьце,
Сваім карэньнем зямлю упляце.
Дык-жа працуй, чалавеча, ары
Ад раньняй зары да ночнай пары!
Бо калі ў пору зямлі не ўзарэш, —
Збожжа нямнога у восень зьбярэш.

А. Галіна.