Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/116

Гэта старонка не была вычытаная

гладчэй, раўней ды аблягаюць усё неба. Пасыпаўся сьнег мільёнамі камячкоў дробнага мяккага пуху. Закружыліся яны халодным пылам. А вецер крапчэе, узьдзірае сьнег зьнізу ў полі, падымае яго ўгору ды круціць слупамі, і белы віхар сьнежнага пылу далёка прамчыцца па полі. Сьвішча вецер і ўсё, што ні сустрэне, абсыпае халодным сьнегам. Неба мяшаецца з зямлёю. Усюды, куды ні глянь, бель і бель, і ня можа вока акінуць гэту белую сьцяну. А як заліваецца вецер у полі! Сьвішча ён у платох, узьдзірае стрэхі на хатах, налятае на голыя адзінокія дрэвы, ірве кожную іх галінку, кожны сучок, і дрыжыць усім сваім целам беднае дрэва.

Што за песьні сьпяваёш ты, вецер? Многа нуды й жалю ў тваіх немых песьнях! Аддаюцца яны ў сэрцы дзікім разгулам нястрыманае злосьці, нудным стогнам пакутніка-бедака, горкімі сьлязьмі, нясуцешным жалем няшчаснае мацеры над магілай свайго дзіцяці, ціхаю скаргай долі чалавечай! Аб чым-жа ты плачаш, свабодны ветру? Цесна табе тут? Мала прастору тваім шырокім крыльлям?!

Борзда насыпаюцца гурбы — сьнегавыя курганы. Гіне дарога, усё зьліваецца ў адну белую пялёнку. Страх нападае на падарожнага, якога захопіць бура ў дарозе.

23. Прылёт птушак.

Ціхая раніца. Сонейка толькі што ўзышло. У полі ляжыць яшчэ сьнег, толькі ўзгоркі чарнеюць. Лужынкі сьцягнуліся занач лядком, але ўжо чуваць вясну, і ўсё пазірае павеснавому.

Вышаў малы Янук на двор. Весела яму на сэрцы: прыгрэе сонца, добра будзе гуляць на дварэ.

Нешта зьвініць у небе тоненькім срэбным звонікам. Так хораша, так міла — душа замірае! Янук прыслухаўся: ня відаць нічога, а ў небе ціха разьліваецца тоненькая песенька, усё роўна як грае хто на срэбнай дудачцы. Гэта — жаваранка! І так весела Януку, што, здаецца, пацалаваў-бы мілую птушачку! Галубка,