браты мае, думайце, чытайце! Не хадзі, коцю, па хаце, не пабудзі дзіцяці! Дам табе, косю, шаўковай травы. Дам табе, косю, крынічнай вады. Прывет табе, жыцьцё на волі! Добрай ночы, зара-зараніца! Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі сьнег. Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Ты пакінь мяне, нуда мая нямая! Куды нясеш мяне, невядомая дарога! Адабраў ты, брат Андрэй, ад мяне кусок хлеба! Грамадзяне! ці трэба казаць вам, якую страту панесла наша кампанія ў асобе гэтага чалавека? Хто з вас, браты мае, не парываўся ў моладасьці ў невядомую даль? Што ёсьць на сьвеце мілей за цябе, узрост маладога жыцьця?! Ня будзеш цяжкая ты сыну свайму, зямля!
§ 27. Знакі прыпынку пры незалежных словах у сказе.
Правіла 6. Пасьля выклічніка ставіцца клічнік або коска.
1) Клічнік ставіцца ў тых разох, калі покліч выражаецца ня ўсім сказам, а толькі самым выклічнікам. (Ат! зьясі пасаліўшы. Куга! я табе ня слуга). У праціўным выпадку пасьля выклічніка ставіцца коска, а ў канцы сказу — клічнік ці пытальнік. (Ох, лепей удвох! Эх, скручу я дудку! Ну, што-ж далей будзе?).
2) Калі выклічнік памацняе слова, перад якім стаіць, або калі стаіць перад займеньнікам, то звычайна ня ставіцца ніякага знаку. (Ой пайду я лугам, лугам! Чую, ах чую той неўгамонны расходзісты звон! Ой ты, вецер, ня шумі, не сьпявай так нудна!).
3) Таксама выклічнік не выдзяляецца ніякімі знакамі, калі служыць якою-небудзь часьцінаю сказу. (Не злавіўшы, не кажы тпру. Калі хап, дык хап).
4) Складаныя выклічнікі пішуцца з злучком. (Ні гу-гу. Охо-хо-х, калі-б то я мог!).
5) Такія самыя знакі прыпынку ставяцца пасьля адмоўных і пацьвярджальных дапаможнікаў не, так, але. (Не, я ня дзіўны: я — сьляпы! Не, ня гэтага я спадзяваўся! Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край. Але, гэта было так).