Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/135

Гэта старонка не была вычытаная

Практыкаваньне 6. Сьпісаць вершы звычайнымі радкамі.

1. Разводзьдзе.

Крэпкі, магутны аковы зімовыя!
Лёдавы крыгі на захад і ўсход.
Бліснула сонца, сонца вясновае,
Топіцца гурбіна, топіцца лёд.
З грукатам, з ломатам крыга за крыгаю
Прэцца-нясецца ў нязнаную даль;
Хваля за хваляю коціцца, мігае,
Ломіць прашкоды, як молатам сталь.
Дарма запорыну людзі бяздольныя
Выбегуць ставіці сіле такой:
Скрышыць паводка ўсясільная, вольная,
Скрышыць і пойдзе сваёй пуціной!
Эх ты, разводзьдзейка! Эх ты, бурлівае!
Ты аднаўляеш, купаеш зямлю!
Вынесі, вынесі хваляй жычліваю
К лепшаму шчасьцю людзкую сям’ю!

Я. Купала.

2. Родныя вобразы.

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!
Што маё сэрца да вас парывае,
Чым так прыкованы я

К вам, мае ўзгоркі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы-нядолі,
Поўныя сумнай красы?

Толькі я лягу і вочы закрыю —
Бачу я вас прад сабой:
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Зьзяючы мілай красой.

Чуецца говар мне сьпелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага гоман шчасьлівы,
Песьня магучых дубоў…