Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць, хоць страшна замучаны ты, — за добрую справу, за шчасьце і славу душу вырывай з цемнаты! Я. Куп. Лес гудзе, дрыжаць галіны, стогне бор хваёвы; глуха шэпчуць верхавіны, гнуць свае галовы. Я. Кол. Не, не здаволіш чалавека, і будзе вечны ён калека. Я. Кол.


2. Двукроп’е.

Двукроп’е ставіцца:
У зьлітым сказе перад пералічэньнем (§ 30, 7), перад прыдаткам-пералічэньнем (§ 25), перад чужаслоўем (§ 35), у злучаных сказах, калі адзін сказ паясьняе другі (§ 31), у злучэньні супраціўным і вінавальным, калі прапушчаны злучнікі (§ 31), калі прапушчан параўнальны злучнік і, наогул, двукроп’е блізка тое самае, што слова значыць. (Прышла пара касавіцы: трэба прымацца за касьбу).


3. Працяжнік і злучок.

Працяжнік ставіцца:
Пасьля пералічэньня, дзе прапушчана некае слова (Вясна, лета, восень і зіма — поры году), калі хочуць затрымаць увагу (Гляньце — нехта едзе. Падсадзі — сарву я грушку), замест слова „ёсьць“ у сустаўным выказьніку (Чужая сіла — асіна. Лішняя нітка — палатну завада), у сказе, які служыць адказам на пытаньне (А хіба-ж там ён? — Там); пасьля пералічэньня аднакіх членаў у зьлітым сказе (§ 30), пры выдзяленьні некаторых прыдаткаў (§ 25), для выдзяленьня пабочнага сказу (§ 34), пры хуткім пераходзе ад аднаго дзеяньня да другога (§ 31, 5), калі прапушчаны прычынны, супраціўны або умоўны злучнік (§ 32, 4), пры аддзяленьні мовы аднае асобы ад другой (§ 35, 5), у кругасказе (§ 36) і, наогул, калі прапускаецца якое-небудзь слова (Поле — жоўты пясок).

Злучок ставіцца:
Калі слова паўтараецца для памацненьня (Чуць-чуць ліпіць), пры складаных прыметах (сьнежна-белы, цёмна-сіні), у складаных прыназоўніках (па-над, з-за, з-пад), для злучэньня частак бы(б), жа(ж) з папярэднім словам (Рад-бы даць, каму-б гэта даць. А мой-жа ты саколік! Да куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?), у падвойных фаміліях (Дунін-Марцінкевіч, Лапко-Лабаноўскі).