Доўга матка ўсё глядзела,
Доўга паглядала,
Покі Ганны хустка бела
З вачэй не прапала…
Я. Колас.
2. Беларускаму люду.
Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! рві свае путы,
Новую песьню сьпявай!
Дружна і згодна станьма сьцяною!
Доля ня прыдзе сама,
Воля ня зойдзе к нам стараною —
Збоку дарог ёй няма.
Люд! праканайся: толькі мы самі
Долі свае кавалі.
Годзі-жа, досыць панукаці намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!
Нам прыганятых болей ня трэба —
Будзем мы жыць без паноў.
„Самі вы дбайце лепей пра неба“,
Скажам мы так да ксяндзоў.
Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзі тэй крыўды! Ў ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.
Змоўкні-жа, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд! вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!
Я. Колас.