Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/175

Гэта старонка не была вычытаная

крайнасьцю зямлі? Ці то — няясны адбітак вечнага нездавальненьня людзкога, таемны покліч да шуканьня іншых форм жыцьця, несьвядомае імкненьне да лепшае долі? Ці то — парываньне душы разьбіць некія граніцы, каб вырвацца на бязьмежныя прасторы?..

Эх, гасьцінцы, родныя гасьцінцы! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назьбіраныя й напісаныя на гэтых камлёх вашых прысадаў?!

Тарас Гушча.

6. Скрыпач і ваўкі.

Жыў на сяле скрыпач. Яшчэ змалку навучыўся ён граць на скрыпцы. Вось прышла восень, пачаліся вясельлі. Клічуць скрыпача то туды, то сюды граць на вясельлі. Раз прышлося скрыпачу варочацца позна ўночы дамоў. Ісьці трэба было лесам. Праз лес ішла ездавая дарога, але сьцежкаю было бліжэй, як тэю дарогаю. Скрыпач і думае: „Пайду проста сьцежкаю, усё-ж бліжэй будзе“. Дый пашоў.

Ноч была й так цёмная, а то яшчэ ў лесе. Ішоў ён, ішоў ды неяк заблудзіў і раптам як шабаўтне кудысь пад зямлю! Упаў — і ня так пабіўся, як налякаўся. Што яно такое?

Падумаўшы — дагадаўся: гэта была воўчая яма. Гэтак лавілі ваўкоў: выкапаюць глыбокую яму, прыкрыюць зьверху тонкім гальлём і прынаду паложаць. Воўк прынаду счуе, пабяжыць да яе ды ў яму й праваліцца.

Як дагадаўся скрыпач, дык трохі супакоіўся. Калі чуе — у яме штось як завые! Скрыпач так і пахаладзеў. Глянуў — ажно проці яго як-бы дзьве сьвечкі гараць. Скрыпач ведаў, што ў ваўка папоцемку вочы сьвецяцца, і што гэта ваўчок папаўся ў яму ды сядзіць.

— О, гэта добры таварыш! — думае скрыпач. — А ў мяне й паганага пакалка няма, адно скрыпка. Што тут рабіць? Вылезьці з ямы папоцемку нельга, а пачнеш вылазіць, дык воўк цябе ззаду!