— Пагана, — думае скрыпач: — гэта воўк цяпер спалохаўся ды не чапае, а як ачухаецца, то з костачкамі зьесьць.
І запраўды, крыху пачакаўшы, воўк пачаў варушыцца, ня йначай бліжэй падступаецца.
— А ну, хіба на скрыпцы заграю! — сказаў сабе скрыпач ды давай іграць.
Скрыпка як загалосіць, а воўк як адскочыць!
— О, — думае скрыпач, — гэта добра!
Ды давай іграць вясёлае да скокаў. Скрыпач грае, а воўк вые. Калі чуе скрыпач, ажно з лесу яшчэ воўчыя галасы аказаліся.
— Вось, — думае скрыпач, — папрыбягаюць!
Але граць не перастае. І такая ў іх музыка пашла: скрыпач грае, воўк у яме вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць. Іграе скрыпач, а сам на неба пазірае — ці ня сьвітае часам?
І хто яго там ведае, што-б было, але запраўды стала на сьвет займацца. Здарылася так, што паляўнічы блізка праходзіў і пачуў, што скрыпка грае, а воўк вые. Ён пашоў паглядзець, што яно за дзіва такое.
Падышоў паляўнічы бліжэй, глянуў — і праўда: у вадным кутку скрыпач, а ў другім воўк.
Паляўнічы апусьціў скрыпачу дручка і выцягнуў яго, а тады ўжо ваўка забіў.
К. Каганец.
7. Мядзьведзь
У нашым лесе мядзьведзь самы вялікі зьвер. Ходзіць ён па лесе, спусьціўшы галаву, і ступае так цяжка, што здалёку чуваць, як суччо трашчыць.
У лесе мядзьведзю ўсякай пажывы даволі. Раньняй вясною есьць ён маладую траву, пучкі на дрэвах, ловіць птушак. Улетку хапае на яго долю дзікіх ігруш, яблыкаў, грыбоў. Спрыцен ён лавіць ракоў і рыбу ў рацэ. А то знойдзе мядзьведзь мурашнік, засуне туды лапу ды аблізвае мурашак, што насядуць на лапу. Але найбольш падабаюцца яму мядо-