Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/182

Гэта старонка не была вычытаная

12. Зямля, на каторай мы жывём.

Аб зямлі, на каторай мы жывём, можна расказаць шмат чаго цікавага. Перш-на-перш, зямля круглая, як яйцо. Яна нідзе ня мае краёў, або меж. Зямля — гэта вялікая гала, каторую можна аб’ехаць навокал. Яна нідзе ня мае канца, як ня мае ніякага канца скамечаная галка. Калі муха сядзе на яблыка ды папаўзе ў адзін бок, то яна абойдзе навокал і прыдзе йзноў на тое месца, толькі з адваротнага боку. Гэтак і людзі аб’яжджалі навокал зямлі, варочаліся назад, а канца нідзе не знаходзілі, бо няма канца ў галы, якою ёсьць наша зямля.

На зямлі ёсьць суша, на каторай стаяць будынкі, растуць дрэвы, засяваюцца нівы, пасецца статак і інш. Пасьля, на зямлі ёсьць вада, каторая напаўняе ўглыбленьні ў сушы. Напоўніць вада ўглыбленьне ў сушы — і выйдзе возера або мора, калі ўглыбленьне вельмі вялікае. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі, і тады гэта вада завецца рэчкаю. Ёсьць вада й пад зямлёю, і калі яна сама прабіваецца наверх, то завецца тады крыніцаю. Часам дастаюць людзі ваду з-пад зямлі, капаючы калодзежы.

Апроч сушы й вады, на зямлі ёсьць яшчэ паветра. Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Калі мы пабяжым, паветра ўдарае нам у твар і тады мы яго чуем. Калі падае паперынка, паветра падтрымлівае яе і не дае хутка зваліцца на зямлю.

На зямлі жыве многа ўсякіх стварэньняў, і растуць розныя расьліны. Адны стварэньні кормяцца расьлінамі, другія — мясам слабейшых стварэньняў. Чалавек есьць і мяса, і расьліны, хоць бяз мяса мог-бы жыць.


13. Камень.

Такіх прыгожых месц, якім быў гэты куток, рэдка дзе можна знайсьці. Прынамсі, так думаў доўганосы бусел, каторы меў тут, на старадроўні, пышны палац. А бусел усё-ж такі трэцца па сьвеце, і на яго словы можна мець увагу.