Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/185

Гэта старонка не была вычытаная

Зоры, як матылечкі, трапыхаліся, дрыжалі, і іх блеск пераліваўся дзіўнымі колерамі нязьлічаных агнёў. За лугам чуць-чуць выступала сваім чорным абрысам зубатая палоска яловага лесу, а над ім мігацелі чырвоныя стужкі трывожных зарніц.

Кругом было так спакойна, так ціха й згодна, што душа мімавольна адрывалася ад зямлі і няслася ў невядомую высь, каб зьліцца з хараством, з безгранічнасьцю гэтага таемнага, неразгаданага сьвету.

Тамаш лёг на сьпіну, падлажыўшы пад галаву рукі. Доўга ён ляжаў гэтак і разважаў у сваіх думках. Аб чым думалася, ён і сам не адказаў-бы, каб яго хто папытаўся аб гэтым. Думкі самі йшлі й праходзілі, бы тыя лёгкія хмаркі на небе, ішлі ды раставалі, як сьняжынкі.

А там, каля агню, варушыліся й бегалі дзеці, адтуль нясьліся песьні й покрыкі. Памалу ўсё супакоілася, толькі сьмех, дружны й закатны, гаварыў, што каля агню яшчэ ня сьпяць.


15. Навальніца.

Над вялікім, даўно ўжо пакінутым і заглохлым садам зьбіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі бліжэй да сонца, каб згасіць яго. Чорныя цені, што паляглі на зямлі ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.

Спужаўся й задрыжаў сад, бо прачуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць бяз літасьці худзенькія дрэўцы, між каторымі толькі стары дуб стаяў сьмела й адважна, паглядаючы вясёла ў вочы цёмным хмарам.

Што значыць яму навальніца? Ці раз бывала, што віхры парываліся схіліць яго да зямлі, але ўсё дарма: ён мала дбаў і толькі сьмяяўся над непагодай.

Дый так, чаго, здаецца, было пужацца, калі ён пад зямлёй крэпка ўмацаваў сваё карэньне, даючы яму вольна расьці і ўшыркі, і ўдоўжкі, а над зямлёй высока дзяржаў векавую зялёную карону.