Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/186

Гэта старонка не была вычытаная

Добра ведаў стары дуб, што ўвесь сад ня меў вока на яго за тое, што карэньне забірала ад іх пажыву з зямлі, а вечная засень глушыла маладыя ўсходы. Ды такое бяды: ён меў толькі адну думку, каб як-небудзь зьніштожыць ненавісных суседзяў сваіх, а на іх месцы выгадаваць дубовы гай.

Цярпліва пераносілі крыўды засохлыя дрэўцы і час-ад-часу выміралі праз ласку дуба, жадаючы ў адплату і яму пагібелі, а той толькі рос і радаваўся, звысока гледзячы, як канчалі жыцьцё тоненькія лазінкі й алешынкі. І ніхто з іх ня ведаў, якая доля чакае таго дуба.

Тымчасам пад зямлёй, дзе крэпка сплялося яго карэньне, жыло шмат маленькіх злосьнікаў, каторыя дзень і ноч вялі пільную працу. Хоць гэта й марудная была праца, але пэўная, і праз іх ласку дуб даўно ўжо пачаў траціць сілу ў карэньні.

І настаў дзень, калі на падмогу працы схаваных маленькіх чарвячкоў наляцела шалёная навальніца, як-бы зрабіўшы з імі хаўрус дзеля згубы таго, хто так горда глядзеў у неба і ня схінаў прад ёй свае галавы.

Хмары, як няпрытомныя, паўзьлі ўсё бліжэй к сонцу; халодны вецер гнаў з дарог пыл і, скруціўшы ў слуп, растрасаў з боку ў бок; брызнуў густы дождж, і стрэліў пярун.

Глянуўшы на сілу навальніцы, страпянуўся дуб і, выпрастаўшы шырокія грудзі, прыгатаваўся сустрэць націск, як калісь бывала; тымчасам хмары ўжо папаўзьлі на сонца, згасілі яго і сунуліся ў цемнаце далей. Задрыжалі тоненькія дрэўцы, прыляглі к зямлі і чакалі сьмерці. Задрыжаў і дуб, і пад дзікім націскам ветру пачала хіліцца яго зялёная карона.

— Глядзі, суседка! — шаптаў арэшнік, прытуліўшыся к сасьне: — глядзі! Такі дуб хінецца, цяжка й яму прышлося…

Але не дакончыў арэшнік, і не пачула яго сасна: ударыла маланка, задыміўся й зваліўся апалены дуб і бяз ліку пахаваў пад сабою маленькіх дрэўцаў.

Навальніца, як цёмная вялізная птушка, уцякала далей.