Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

добра абуты. Што ў лесе родзіцца — у дварэ згодзіцца. Калі станеш трэсца, то й хлеб лепей есца. У горы нагаруецца, а ў дабры накрасуецца. Пазычаньне на неадданьне. Зоркі рассыпаліся па небе. Даглядайце зубоў: бяззубаму блага. Грозен рак, да ззаду вочы. Ранены алень часта кідаецца на стральца. Наста раззула малога Цішку. Ссохлі травы. Сонны, як мёртвы. Напужаная варона й куста баіцца. Вецер расьсявае травяное насеньне па зямлі. Наабапал лагчыны стаялі дубы. Таннае мяса сабакі ядуць. Выратаваны з вады конь і лужыны баіцца. Саломеным валом не араць, а сенным канём не ваяваць. Голы разбою не баіцца.

Правіла 18. (паўторнае). У беларускай мове ў назовах прадметаў вельмі часта зычныя гукі ў канцы слова, стоячы перад галосным, вымаўляюцца падвойна: вясельле, сьмецьце, пытаньне, рызьзе, збожжа, суччо і г. д.

У такіх разох трэба пісаць па дзьве аднакія літары ды ставіць паміж імі мяккі знак (Ь), калі падвойныя зычныя мякка вымаўляюцца (зельле, насеньне, судзьдзя), а калі — цьвёрда, то пішуць дзьве аднакія літары: збожжа, зацішша, у ваччу і г. д.

Практыкаваньне 19. Сьпісаць і словы з падвойнымі літарамі падчыркнуць.

Бура паламала гальлё. Пасьля буры настала зацішша. Блуканьне на цэлае раньне. На вясельлі граюць музыкі. Уражжа сіла на грэх спакусіла. Во калі разарэньне: ні табакі, ні карэньня! Па хаце валялася сьмецьце. Цукровы гарох пакінулі на насеньне. Жыў на сьвеце справядлівы судзьдзя. На прадвесьне бывае разводзьдзе. Хата стаяла на раздарожжы. Усе птушкі крыльле маюць, да ня ўсе лятаюць. Сёньня дзень сьвяточны. Госьці расьселіся па застольлю. Хлопец меў нячыстае сумленьне. Збожжа адсыпалі на насеньне. Было тут дзіўнае здарэньне. Спачатку было чытаньне, а потым — рысаваньне. Вучань разумна адказаў на пытаньне. Ральлю трэба баранаваць. Ільля нарабіў гнільля. Луг зялёны жыцьцем дыша. Жыцьцё, як мёду піцьцё. Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца!