Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная

Прадмова.

1. Як ставіць навучаньне правапісу?

Стала й дакладна апрацованы правапіс даў нам Б. Тарашкевіч у сваёй граматыцы „Беларуская граматыка для школ“, Вільня, 1918 г. Гэты правапіс і прынят цяпер нашымі школамі, выдавецтвамі й пісьменьнікамі. Ніхто проці яго не выступаў; усе прызналі яго сваім, і такім парадкам правапіс Б. Тарашкевіча стаў беларускім правапісам. Можна з пэўнасьцю сказаць, што правапіс гэты, паступова выправіўшы некаторыя драбніцы, у васнове сваёй застанецца нязьменным.

Як ведама, у васнову нашага правапісу паложаны такія прынцыпы: а) фонэтычны, б) этымолёгічны, в) прынцып традыцыі (Б. Тарашкевіч, Прадмова, стр. 4) і г) прынцып напісаньня чужаземных слоў (Лёндан, кляса, нацыя, партыя, тэлеграма, арытмэтыка).

З гэтых прынцыпаў найбольш шырока ўжываецца прынцып фонэтычны для напісаньня галосных гукаў (вада, зямля, селянін, рэкі — рака) і прынцып зтымолёгічны для напісаньня зычных (казка заместа каска, як чуваць; просьба, а ня прозьба, гарадзкі, а не гарацкі, хлеб, зуб, мох, мог і т. д.).

Разумеецца, правапісальнае пытаньне лягчэй за ўсё можна было-б разьвязаць такім спосабам, каб у напісаньні слоў трымацца аднаго фонэтычнага прынцыпу, каб можца было пісаць так, як чуваць, каб вока бачыла тое, што чуе вуха. Але датрымаць фонэтычнага прынцыпу да канца — немагчыма. Немагчыма гэта ўжо дзеля таго, што няма такой азбукі на сьвеце, каб можна было дакладна перадаваць на пісьме ўсе гукі нашае мовы. Такой азбукі і прыдумаць трудна, бо гукі ў жывой мове вымаўляюцца розна, у залежнасьці ад гаворак. Акуратна дапасаваць літары да гукаў практычна немагчыма й непатрэбна. Мова кожнага народу, не зважаючы на ўсю яе суцэльнасьць, мае шмат асобных, мясцовых гутарак, якія, маючы агульныя карані й формы слоў, розьняцца паміж сабою акцэнтам і вымоваю слоў.