Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/53

Гэта старонка не была вычытаная

Практыкаваньне 28. Сьпісаць і прыназоўнікі з, без (бяз), цераз падчыркнуць.

Жораў з цяплом, а ластаўка з лістом. Часам з квасам, а парою з вадою. Без запасу ані часу. Бяз прылады нічога ня зробіш. Баба з калёс — калёсам лягчэй. Хітра, мудра, з невялікім коштам. Мой мілы пакою, добра мне з табою! З песьні слова ня выкінеш. З чужога каня і ў балоце злазяць. З поўначы цёмнае нудная восень прышла. Адзін жук пражыў без яды тры годы. Цераз поле чалавек ідзе. Які гэта старац з хлопцам ідзе? Бяз часу ня будзе квасу. Мышы ўміраюць без яды цераз некалькі гадзін. Хаты будуюць з дзерава. Вышаў араты з плугам на поле. Вышлі жнеі з сярпамі на ніву. Без языка, а мудра гаворыць (кніжка).


§ 11. Правапіс адмоўных дапаможнікаў НЕ, НІ.

Правіла 27. Адмоўе не (ня) пішацца асобна й зьлітна.

1) Зьлітна яно пішацца з тымі словамі, што без яго ня ўжываюцца (нябожчык, небарака, немач, недасол, нягода).

2) Таксама не (ня) пішацца зьлітна з тым словам, якое можна замяніць другім, падобным па значэньню словам без адмоўя не (няшчасьце—гора, няпрыяцель—вораг, няпраўда—падман; нягодны—благі, невялікі—малы, нявёсела—смутна, неспадзявана—раптоўна), або калі слова без адмоўя мае адваротнае, супраціўнае значэньне (няшчасьце—шчасьце, няпраўда—праўда, неахайны—ахайны).

3) НЕ пішацца зьлітна яшчэ з неазначальнымі займеньнікамі (некаторы, неякі, некага, нечага, нехта, нешта, нечы, неякісь) і з некаторымі меснымі й часоўнымі прыслоўямі (некалі, недзе, некуды, неадкуль), прычым, у такіх разох на не прыходзіцца націск.

4) Ад дзеясловаў не (ня) заўсёды пішацца асобна за выключэньнем слоў — недамагаць, ненавідзець, няволіць, няможацца.