Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

2) Калі іменьнік ніякага роду адзіночнага ліку стаіць у назоўным склоне (калі да яго можна дадаць слова маё), то ў мяккім складзе на канцы пішацца е (поле, шчасьце, сьнеданьне, чытаньне). Толькі ў такіх словах, як — цемя, вымя, рамя, бярэмя, стрэмя, зерня — на канцы будзе я, як імя, кураня, парася і інш.

3) Але калі йменьнік ніякага роду адзіночнага ліку з мяккім канчаткам стаіць у родным склоне (на пытаньне каго — чаго няма?), то на канцы будзе я (няма чаго? — поля, шчасьця, сьнедання, чытаньня).

Практыкаваньне 31. Каб воля, знашоў-бы сабе поле. Ня разам Вільня збудавалася. Няведаньне ня чыніць граху. Нас запрасілі на вясельле. Лазьня стаяла за гумнамі. Яго доля ў канцы поля. На вуліцу сьмецьця ня выносяць. Наша поле блага родзіць. Пры гасьцінцы стаяла кузьня. На хаценьне ёсьць цярпеньне. Няволя і плача, і скача. Прыглядайцеся да жыцьця белага сьвету! Старая чарэшня ссохла. Не канечне яму яечня. Поле роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Вам незнаёма нядоля людзкая, беднага жыцьця нуда. Ня шукай ты шчасьця-долі на чужым далёкім полі! Змалочанае зерня веюць. Загула малатарня ў халодным асеньнім паветры. Полымя ахваціла ўвесь будынак. Гаспадыня падала сьнеданьне. Белае поле, чорнае насеньне; хто яго сее, той разумее (пісьмо). Чую прычытаньне, чую плач я нечы. Іван любіў езьдзіць на паляваньне. Гняздо сваё вожык робіць з сухога лісьця. Ускінуў бярэмя на рамя. Вецьце было купчастае. Дарма надзея была. Дурное палажэньне й добраму спакушэньне. Шчасьце цьвіло тут, як макавы цьвет. Круціць вецер сухое лісьце.

Правіла 30 (паўторнае). Калі слова азначае прадмет жаночага роду адзіночнага ліку і да яго можна дадаць слова мая, то ў мяккім складзе на канцы пішацца Я (вішня, лазьня, доля, паня).

Калі слова азначае прадмет ніякага роду адзіночнага ліку і да яго можна дадаць слова маё, то ў мяккім складзе на канцы пішацца Е (поле, сьнеданьне, чытаньне). Толькі ў такіх словах, як —