Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

пытаюцца, якую паставіць літару ў тым ці іншым слове. У такіх разох, само сабою разумеецца, трэба падказаць, зьвярнуўшы ўвагу на гэта ўсяе клясы.

Пры правапісальных практыкаваньнях у форме сьпісваньня, такія дыктоўкі павінны адбывацца раз, два на паўгода. Выпраўляць дыктоўкі — самае лепшае самому настаўніку: гэта надае большай цікавасьці дзецям.

Што да веды (знацьця) правіл правапісу, то яны павінны займаць самае меньшае месца ў радзе іншых фактараў навучаньня граматнаму пісьму. Усе навуковыя дасьледзіны псыхофізыолёгіі пісьма паказалі, што самы важны фактар у справе правапісу становіць выгляд (вобраз) напісанага слова і памяць пальцаў, як пры граньні на скрыпцы ці на роялі.

Вось што кажа аб гэтым профэсар мовазнаўства Томсон: „Амаль ня ўсе думаюць, што граматнасьць заключаецца ў тым, каб ведаць, дзе якую ставіць літару, і што ў гэтым уменьні ставіць правільна літары заключаецца мэта навучаньня пісьму. З гэтай прычыны, пры навучаньні правапісу ў школе, прымушаюць вучыць напамяць розныя правілы й словы, подлуг якіх, пасьля доўгага разважаньня, можна вызначыць, дзе паставіць тую ці іншую літару. Не зважаюць на тое, што граматнасьць павінна быць у мускулах і нэрвах рукі, у рукарухоўных і зрокавых успамінах. Прымушаючы думаць аб літарах, настаўнік проста перашкаджае набыцьцю граматнасьці, г. значыць, аўтоматычнага пісаньня, бо мысьлі аб літарах будуць перарываць ход думак пры пісьмоўным укладаньні. Ня той граматны, хто ведае, дзе якая літара павінна стаяць, а той, хто піша, заўважаючы літары толькі пасьля іх напісаньня, дый то толькі, як сустаўныя часьці слоў“. („Общее языковедение“, стр. 424).


2. Увага да гэтага падручніка.

Сучасная навуковая граматыка, як зазначалася вышэй, адлучае правапіс ад граматыкі. Правапіс, такім парадкам, становіцца асобным прадметам навучаньня, зьвязаным з граматыкай больш тэрмінолёгіяй, як чым-небудзь іншым. Гэты падручнік і складае першую спробу калі ня вылажыць правапіс незалежна ад граматыкі, то хоць выдаць яго асобна ад граматыкі ды аслабаніць, такім чынам, граматыку ад неўласьцівага ёй зьместу.

Адсутнасьць у нас падручнікаў такога роду прымусіла аўтара надаць яму такога зьместу, каб яго можна было ўжываць і ў пачатковых школах, і ў школах вышэйшай ступені, і на ўсялякіх, пашыраных цяпер, курсах беларусазнаўства.

Ён складаецца з дзьвюх часьцін: а) з правапісу ў яго ўласным значэньні і б) знакаў прыпынку. Тут дадзены най-