Старонка:Беларускі правапіс (1925).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

важнейшыя правілы беларускага правапісу і найпатрабнейшыя правілы пастаноўкі знакаў прыпынку з практыкаваньнямі на кожнае правіла. Трэба памятаць, што можа сустрэцца розьніца ў тэрмінолёгіі. Так, напрыклад, імя або імя назоўнае называецца тут іменьнікам, сказьнік — выказнікам, дзеяслоўная прымета і дзеяслоўнае прыслоўе называюцца скарочана — дзеяпрыметадзеяпрыслоўе. Апроч таго, зьменена адно правіла правапісу: форма абвяшчальнага ладу І-га спражэньня з націскам на канчатку -іцё-ыцё (нясіцё, пячыцё) заменена формай на -яце-аце (несяце, печаце), дзе я як у першым складзе перад націскам, бо форма на іцё ў такіх разох не адпавядае вымове і становіць нічым неабаснованае выключэньне.

Як ужываць гэты падручнік у яго першай частцы — аб гэтым даволі гаварылася вышэй (бач. „Як ставіць навучаньне правапісу“), а што да знакаў прыпынку, або пунктацыі, то тут вельмі пажадана, каб выкладчык выходзіў з прынцыпу параўнаньня знакаў прыпынку на пісьме з нотамі ў сьпевах.

Як ведама, знакі прыпынку па пісьме маюць тое самае значэньне, што ноты ў сьпевах. Нотныя знакі паказваюць павышэньне ці папіжэньне голасу, большы ці меньшы прыпынак (паўзу), фортэ, п’яно і т. далей; гэтае-ж самае значэньне маюць і знакі прыпынку на пісьме. Напрыклад, пункт паказвае паніжэньне голасу і найбольшы прыпынак (паўзу) пры чытаньні; коска — найменьшы прыпынак з невялікім паніжэньнем голасу; коска з кропкай — сярэдні прыпынак з сярэднім паніжэньнём голасу; трохкроп’е, або недаказ, паказвае, што мова на нейкі момант абрываецца без паніжэньня голасу; двукроп’е азначае прыпынак і паніжэньне голасу з увагаю на тое, што далейшае пералічаецца або аб’ясьняецца тонам ніжэй. Клічнік можна прыраўнаваць да фортэ, дужкі — да п’яно, працяжнік — гэта затрыманьне ўвагі і т. далей.

Сынтакс у справе пастаноўкі знакаў прыпынку дае нам знадворныя прыметы (коска перад а, але, як, дзе, які, каторы), або лёгічныя, змыславыя, ці, лепш сказаць, граматычныя правілы (выдзялеяьне прыдаткаў, пабочнага слова, залежных сказаў коскамі; двукроп’е перад пералічэньнем ці перад паясьненьнем), не зварачаючы ўвагі на ўласьцівае значэньне знакаў прыпынку. Тымчасам, знакі прыпынку на пісьме ўжываюцца, сьцісла кажучы, не дзеля таго, каб выдзеліць тую ці іншую сынтаксычную форму, а дзеля таго, каб паказаць, як належыць зьмяняць інтонацыю голасу пры чытаньні і якія трэ’ рабіць паўзы, прыпынкі. Пры ўласьцівым разуменьні таго, што значаць знакі прылынку на пісьме, граматычныя (сынтаксычныя) правілы будуць мець, як і належыцца, толькі дапаможнае значэньне. Калі правільна й сьцісла правесьці прынцып параўнаньня знакаў прыпынку з нотамі, то можна далёка лягчэй навучыцца правільнай пунктацыі, як пры дапамозе сынтаксычных правіл. Знакі прыпынку можна