Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

§ 5. Правапіс зычных гукаў.

Правіла 7. Гукі р, л, м, н называюцца плаўнымі: яны ня маюць падобных глухіх і дзеля таго заўсёды вымаўляюцца выразна.

Нявыразнымі зычнымі гукамі бываюць звонкія і глухія. Напрыклад, словы нож, лёд, просьба вымаўляюцца, як — нош, лёт, прозьба.

Каб пазнаць, якую літару ў такіх разох трэба пісаць на месцы нявыразнага зычнага гуку, трэба слова зьмяніць так, каб пасьля нявыразнага зычнага стаў галосны гук (нож — нажы, просьба — прасіць, грозьба — гразіць, дуб — дубы, хлеб — хлеба, плод — плады, плот — платы, гразь — гразі; молат — малаток, молад — малады і г. д.).

Практыкаваньне 9. Адзін хлеб прыедліў. Засыпце яму пяском! І за шчэпку знойдзеш прычэпку. Старой бабцы хораша і ў шапцы. Адвага або мёд п’е, або кайданы трэ. Бывала горш, але рэдка. Не разгадалі загадкі! Дождж і град, і галялёд. Важыш на рыбку, важ і на юшку. Пойдзе мой сыночак пракладаць дарожкі. Мы ішлі сьцежкаю. Свая сярмяжка нікому ня цяжка. У горадзе гарадзкія парадкі. Ніткі ссукалі ў пяць столак. Сала было ў пядзь таўшчыні. Прысядзьце каля нас! Калёсы паставілі пад павець. Вам незнаёма нядоля людзкая. Тут стаялі ваяводзкія палацы. На ўзьмежку расла грушка. Вось улез у цёмны лес! Аддай сваю здольнасьць грамадзкай справе! Ветрык ледзь-ледзь набяжыць. Страву пасалілі трыма драбкамі солі. На слупку сядзела птушка. Вецер хмары шыбка гоніць. На лузе расьлі маладыя дубкі. Град пабіў жыта. У каваля цяжкі молат. У холад кожны молад. Бацька на калодцы лапаць выплятае. Сядзем радком, пагаворым ладком. Сам сабе рад. Год на год ня прыходзіцца. Ты, брат мой, еж хлеб свой. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. Гушчу зьеў, жыжку пакінуў. Падарож была цяжкая. Ежце, да ў вочы ня лезьце. Бегала ліска каля лесу блізка. Сказаў казку з прыказкай. Ні просьбаю, ні грозьбаю. Сусед ехаў улегцы. Без падмазкі блінца не сьпячэш. На капусту купілі новую кадзь. Лебедзь — рэдкая птушка.