вясёл. Чоран воран, да ня птах, шэсьць ног, да ня зьвер (жук). Урадзіўся канапель тонак, долаг, валакніст. Ня волен стаў яму белы сьвет. Ні думак, ні песень яго ніхто ня знаў і ня чуў ці не хацеў чуць. Удаўся гарох тонак і высок, і на лісьце шырок. Скажу, пан, табе бяз спорак: мне ўжо твой хлеб стаў горак. Славен наш гаспадар, славен над усімі гаспадарамі. Вот цяпер які люд стаў: хіцер, зол, няўдал, лукаў. Хто абадраны і нагі, к таму ніякай увагі, а адзетага багата мае пан за панібрата. Знаюць, ён крутнёй разжыўся; знаюць, сьлёз людзкіх напіўся, да чэсьць ад усіх яму, калі прыдзе ён к каму. А бядняк душой будзь чэсьцен — ён і злодзей, і бясчэсьцен (з старасьвецкага народнага вершу).
§ 14. Правапіс лічэбнікаў.
Правіла 40. 1) Лічэбнікі складаныя пішуцца так, як кожная часьць, калі яна ўжываецца асобна: семнаццаць, восемнаццаць, шэсьцьсот, восемсот, семсот.
Толькі шаснаццаць мае а заместа э, што чуваць у слове шэсьць.
2) Адны парадкавыя лічэбнікі маюць такія галосныя, якія ёсьць у лічных; напр.: дзевяць — дзевяты, дзесяць — дзесяты, сем — семнаццаты, восем — восемнаццаты і г. д.
А другія парадкавыя зьмяняюць галосныя гукі лічных: тры — трэці, шэсьць — шосты, сем — сёмы, сорак — саракавы, дзьвесьце — двухсоты, трыста — трохсоты.
3) Зборныя лічэбнікі падлягаюць аканьню (бач, прав. 11): шэсьць — шасьцёра, сем — сямёра, восем — васьмёра, таксама і ва ўсіх склонах: шасьцярох — васьмярох, шасьцяром — васьмяром і г. д.; шасьцёх — сямёх — васьмёх, шасьцём — сямём — васьмём і г. д., як і шасьці, сямі, васьмі.
4) Лічэбнікі, зложаныя з словам дзесяць у яго форме дцаць, маюць падвойнае цц (бач. прав. 17,3 і 19,2): адзінаццаць, дванаццаць, дваццаць, трыццаць.
5) Лічэбнікі парадкавыя сваёю формай падобны да прыметнікаў, дзеля таго ўсе іх склонавыя кан-