Старонка:Беларускі працэс у Латвіі (1926).pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

У 12 з паловай гадзін чытаньне абвінавачальнага акту заканчываецца і Старшыня Суда гр. Фрыц Зільберг, зварачываецца да кождага з абвінавачываных па чарадзе з запытаньнем:

„Падсудны, ці вызнаецё вы сябе вінным?“

І адзін за адным усе падсудныя рашуча адказываюць:

„Вінным сябе не вызнаю“.

Падсудным не даюць першага слова.

Далей, па звычайнаму парадку, трэба было-б даць слова абвінавачываным для іхніх паясьненьняў па паднятаму супраць іх абвінавачаньню. Аднак Суд пераскаківае, відаць дзеля эканоміі часу, праз гэтыя першыя прамовы падсудных і адразу прыступае да прывядзеньня пад прысягу сьведак.

Старшыня Суда, загадаўшы прывясьці сьведак і бачучы зьдзіўленьне на тварах абвінавачываных і іхніх абаронцаў, растлумачывае, што слова для паясьненьняў будзе дадзена кождаму падсуднаму, па меры патрэбы, пасьля кождага паказаньня сьведкаў.

Абвінавачываныя і абаронцы радзяцца і супакоіваюцца.

Прысяга сьведкау.

Усяго выклікана было па справе 120 сьведак. З іх сьведак абвінавачываньня — 74 чалавека, а сьведак абароны — 46 чалавек.

Супроць 7 сьведак абвінавачываньня абарона робіць адвод, бо яны выстаўлены Пракурорам у самы апошні момант і абвінавачываныя нават ня былі паведамлёны аб гэтым да паседжаньня Суда.

Са сьведак абароны не зьявілася 3 чалавека, ды апрача таго адзін са сьведак абароны быў запісаны памылкова два разы, пад рожнымі парадкавымі нумарамі.

Гэткім чынам для судовага дапросу асталося 67 сьведак абвінавачываньня і 42 сьведкі абароны.