Разьвіваўшая дзеяльнасьць беларускага драматычнага гуртка ў Вільні праявілася далей ў сьмеласьці заглянуць да «клясычнага» рэпэртуару. 25 студня 1915 года у тэатры «Фільгармонія» на Ноўгародзкай вул. ставяць першы раз ад Марцінкевічаўскіх часаў «Залёты». Вялікую працу каля гэтага спэктаклю далі Марыя Кімонт (†1923), якая замест загінуўшай Манюшкаўскай музыкі напісала часткай сваю ўласную, а рэшту дабрала з розных чужых матываў, і А. Бурбіс, які першы пераклаў на беларускую мову польскія сцэны «Залётаў» і рэжысэраваў п’есу. Варта адзначыць, што роль жыда ў «Залётах» гуляў запраўдны жыд — вядомы беларускі пісьменьнік Зьмітрок Бядуля (Плаўнік).
Няма што й казаць, што спэктакль меў вялізны пасьпех.
Гэты спэктакль быў лебядзінай песьняй старага віленскага драматычнага гуртка. Ужо йшла вайна, хаця не на палёх Беларусі, але ўжо грымелі гарматнія стрэлы. Культурныя справы сайшлі на другі плян. Моладзь паклікалі на крывавае дзела. Беларускія спэктаклі спыняюцца. Пачалася эвакуацыя Вільні. Ня