Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

Перастануць нашым братам,
Як скацінай таргаваць —
Напускацца ліхім матам,
Скуру з ног да карку драць.
Хоць халодна, хоць галодна,
Холад, голад ніпачом!
Эх! каб толькі нам свабодна!
На свабодзе аджывём.
Вось панам ня дужа лоўка:
Самым трэба працаваць!
Пабаліць ня раз галоўка,
Калі прыдзецца араць.
......
Мужык будзець не скацінай:
Ня раз скажэць пан з паноў:
„Пане Грышка, пане Міна!
Як-жа, васпан? ці здароў“

|}

Дунін-Марцінкевічу прыпісваецца такаж аўтарства папулярнае і вельмі цікавае сатырычнае паэмы „Тарас на Парнасе“, але фактычная прыналежнасьць яе пяру Марцінкевіча апошнімі часамі зрабілася вельмі няпэўнаю.

Дунін-Марцінкевіча, па стылю і па чыстасьці ўжыванае ў яго творах беларускае мовы, справядліва лічаць бацькам беларускае краснае пісьменнасьці.

Бацькам-жа беларускіх пісьменьнікаў з праўдзіва народным характарам, з чыста беларускім нацыянальным духам і яшчэ больш чыстаю беларускаю моваю зьяўляецца Францішак Багушэвіч.