Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

Гэта праца па адбудове Беларусі ў песьні пісьменьніка Галубка рысуецца гэтак:

„Кіпіць работа, плыве пот,
І крык і гул, як гром;
Туды-сюды снуе народ:
Будуюць новы дом.
Лапаты рэжуць глыб зямлі,
Зьвініць сталёвы лом:
На месцы даўнай старыны
Будуюць новы дом.
Штодзень у гору сьцены йдуць
Ушыр і ўдоўж кругом,
Баліць мазоль і рвецца грудзь,
А ўсё-ж будуюць дом!
Настане дзень, надойдзе час,
Мы крэпку столь зьвядзём,
І лепшай прышласьцю для нас
Быць мусе новы дом!
Працуйма-ж, брацьця! Хай хутчэй
Наш льецца пот цурком:
Прыжджом і мы сьвятлейшых дней,
Як скончым строіць дом!“.
(„Будучына“).

Распачаўшы такім чынам будоўлю „новага дому“ працаўнікі, быццам, увайшлі на шлях будзённае працы. Узноў замігцелі прад вачыма абразкі Беларусі з яе прыродным хараством. Разам з гэтым, распачаўшаяся пасьля вольных дзён страшэнная рэакцыя і неспакойнасьць суседзяў Беларусі, выкліканая хаценьнем беларусаў „людзьмі звацца“ і працаю на гэтым грунце — даюць песьняром і новыя матывы ў іх песьнях.

Жыцьцё Беларусі, прабыўшы 1905-6 год, прайшло свой першы этап, а беларуская паэзія-песьня, увайшоўшы на шлях агульначалавецкага поступу, з гэтага часу пачала шырыць багацьце формаў і прывабліваць да сябе большы лік песьняроў.