Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/58

Гэта старонка была вычытаная

І пагібель, і гора бязьмерна скідалі усюды,
І муры разьбівалі у груды.
Нібы прашчуры пекла, труцілі ўсіх жудасьцю, страхам,
Беспакоілі воблачным шляхам.
І гарматы нашы, бы галовы з вады кракадылы
Падымалі, равелі што сілы…
І плявалі агнём — не траплялі у моцныя скрыдлы…
Ім страляць безкарысна абрыдла.
Чырванелі арліхі часамі, бы ў небе зарніцы,
І агні іх ня зналі граніцы…
Іх сьмяшылі з зямлі алавяныя, грозныя гукі,
Іх сьмяшылі сьмяротныя мукі…
Гэй, адважны стралок, ты дарэмна іх сьмела вартуеш.
Хіба так сабе толькі — жартуеш.
Што ім знача, асілкам, твае прыткалётныя пчолы.
Лепей кінь — не прыцэліш ніколі
Пальнуў раз і другі… Сам рвануўся у верх ад імпэта.
Ой! арліхам зьмяніла плянэта!
Вось пусьціліся ўніз гэтак спрытна, бы стрэлы ад неба
Якбы зьнішчыць зямлю ўсю ім трэба.
Лясны воўк, гэтак прэцца ахвяру сваю разрываці.
Ці упыр той, што кроў п‘ець з дзіцяці.
Хіба страшнага духа спалохалісь у хмарах туманных,
Нам ня трэба гасьцей тых нязваяных.
І упалі яны. І сьцямнелі, сталёвыя блескі,
Разшчапіліся скрыдлы у трэскі.
І грамады абломкаў уехалі ў пухлае поле,
І няма ім гульні сваей болей.
Няжывыя ляжалі ўладары іх — ворагі людзі…
І адважны стралок пазіраў на здабычу паволі,
Нібы ведаў раней іхну долю.

(„Арліхі“).

|}

Дзіўны абразы, але бязьмерна сумныя і балючыя прынёс для беларускае паэзіі 1914 год. Але ні ў гэтым толькі ўсё значэньне гэтага году: 1914 год — гэта пачатак новага этапу жыцьця Беларусі, які перажываем мы яшчэ і у сучасны мамэнт. Янка Купала ў сваёй песьні-вершу гэтак характэрызуе значэньне 1914 году.