Вось дзеля гэтага мы й бачым, што Беларусь не змагла голасна азвацца аб сваім жыцьці ў першыя дні Волі, у тыя першыя дні пасьля революцыі, калі іншыя народы ужо іх сьвяткавалі з усёю парадаю сваіх сілаў. Яна павінна была прачакаць нейкі час, час супачынку і гуртаваньня сіл, і азвалася толькі аж 25-га сакавіка 1917 р. на Беларускім нацыянальным зьезде ў Менску.
Праўда, непрыяцелі Беларусі не драмалі ў працягу гэтага месячнага часу, а гуртаваліся ўсімі сіламі за новае барацьбы з уваскрасаючаю Беларусьсю, і выступілі ў бой у той жа першы дзень нацыянальнага сьвята Беларусі — 25-га сакавіка.
Так распачала Беларусь сваю новую цяжкую працу. І хоць праца была вельмі цяжкая, усё-ж Беларусь, цьвёрда і моцна ступаючы, крок за крокам ішла ўсё ўперад, усё бліжэй да свае сьветлае будучыны.
Жыцьцё Беларусі гэтага пэрыоду так сама знайшло свой адбітак у беларускай прэсе, як зафронтовай („Гоман“), так і у новапаўстаўшай пад час революціі ў Расіі.
Першымі беларускімі часопісямі, начаўшымі выходзіць у Менску ажно толькі у Траўні 1917 р. былі „Вольная Беларусь“ і „Грамада“, з якіх першая стала замяняць сабою „Нашу Ніву“.
У гэтых часопісях, як і у заснованых пазьней, узноў начынае вылівацца душа Беларускага народу — песьні-вершы беларускіх пісьменьнікаў-паэтаў, якія ў новых хварбах, у новых абразох-малюнках рысуюць нам яшчэ адзін этап жыцьця Беларусі — падчас Вялікае Расейскае рэвалюціі.
Разрэзаная фронтам акопаў, калючага дроту і міліёнам штыхоў, Беларусь пачынае ажываць у абедзьвёх сваіх частках: у першай, г. зн. Расейскай — актыўна, а ў окупованай немцамі — толькі спагадаю.
Прыслухаймася да песьні якую пяець В. Лемеш на страніцах „Гомана“.