да апошніх часаў, выпушчаем у сьвет сваю скромную працу ня толькі для моладзі закінутае на чужыну, але у першы чарод для грамадзянства, жывучага на самой тэрыторыі Беларусі.
Паставіўшы сабе такія мэты, мы падзялілі ўсю кніжку на неколькі разьдзелаў, з якіх кожын мае сабе зусім асобны этап гісторыі беларускага руху і зусім асобны пэрыод разьвіцьця беларускае паэзіі.
Разам з тым, гэтыя этапы-пэрыоды, ідучы адзін за адным хронолёгічна і маючы форму асобных адбіткаў, павінны тварыць адзін суцэльны абраз — абраз Беларусі.
Ці дапялі мы гэтае мэты, хай судзяць тыя, хто зацікавіцца гэтаю працаю.
Прымаючы пад увагу, што беларускія кніжкі, асабліва тыя з якіх прыходзілося карыстаць пры выбарках матар‘ялаў, ня ў кожнага могуць быць пад рукой, а такжа зважаючы на тое, што ў беларускай новай літаратуры няма дагэтуль зборніка паэзіі розных аўтараў, дзе-б чытач мог знайсьці той ці іншы верш, мы стараліся браць такія вершы-песьні, якія па вялічыні сваёй маглі-б быць зьмешчаны бяз скарачэньня.
Каб даць, пэўнаго роду, зборнік выбраных вершаў розных аўтараў, — у гэтым была нашая другая мэта.
Толькі бяручы на увагу гэта, чытач не павінен дзівіцца, што іншыя вершы вышлі, быць можа, і подаўгі адносна зьместу.
Апошні разьдзел — разьдзел зусім асобны: гэта ўспамін аб зыйшоўшых з гэтага сьвету беларускіх песьнярох.
Памяці іх мы і пасьвячаем гэтую сваю маленькую працу, з моцнаю вераю, што яна прынясе сваю карысьць.