Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/79

Гэта старонка была вычытаная

І ось мы бачым паўстаньне новых беларускіх цэнтраў, як палітычных, так і культурных; бачым заснаваньне новых беларускіх часопісяў; бачым новае гуртаваньне сіл.

І хоць гэтыя цэнтры і былі разьдзеляны фронтамі і дэмаркацыйнымі лініямі, усё-ж яны мелі між сабой зносіны, хоць бы ў форме інформацыі, і мелі ўзаемны ўплыў.

К гэтаму часу мы бачым, што пачынаюць выходзіць, апрача даўнейшых часопісаў („Гоман“ — у Вільні, „Вольная Беларусь“ — у Менску), новыя газэты: „Дзянніца“ — у Маскве, „Чырвоны Шлях“ — у Пецярбурзе, „Беларускае Эхо“ — у Кіеве, „Беларускі Шлях“ — у Менску і інш.

Кожная з часопісяў мае свой асобны кірунак, сваю ідэолёгію, але ува ўсіх іх ёсьць „нешта“ і супольнае.

Гэтае „нешта“, што робіць гэтыя розныя кірункі супольнымі — ёсць нішто іншае, як сама Беларусь — Бацькаўшчына ўсіх гэных сыноў сваіх, згрупованых па розных цэнтрах.

Дзеля гэтага беларускія песьняры-паэты, друкуючы свае творы на страніцах памененых часопісаў, процілежных сабе кірункаў, даюць нам далей магчымасьць відзець адзін, супольны ім усім, абраз Беларусі з яе доляй-нядоляй.

Прыслухаймася-ж да гэных песьняў, якія чутны былі ў вадзін, болей-меней, час ува ўсіх гэных частках Беларусі.

Перш-на-перш з Вільні, цэнтру Беларусі старое оккупацыі, куды, з заняткам немцамі новае часткі Беларусі, даляцелі разам з звычайнымі весткамі і ідэі рэволюцыі, як звон магутны нясецца моцны кліч паэты Я. Монвіда: „Ўставай!“.

„Ударыў звон, панёсься кліч,
Магутны кліч ад краю ў край:
Усяк, хто сьпіць, ўставай! ўставай!
І распаляй народны зьніч!..