Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/92

Гэта старонка была вычытаная

І хоць у гэты час узноў пачалі „грамадзіцца чорны хмары“, ўзноў з страшэнным гукам даносіўся гарматні гром і з Захаду і з Усходу, Беларускі народ верыў, што канец „сусьветнае“ завірухі блізіцца.

І з гэтаю вераю Беларусь, вуснамі паэты Ясакара, пяе сваю магутную прарочую песьню:

Грымяць дужа ўжо доўга вялікія бітвы,
Калышуць зямныя абшары;
Народы у зброях. Адна іх малітва —
Пагібель, руіны, пажары.
Гарматаў жаролы равуць і рагочуць;
Як драканы сьмерці, гранаты якочуць.
Мячы аб мячы зычна звоняць.
Валькірыі гімны страшэнныя твораць;
Ім гэніі жаху галосна утораць,
Віхор аб хаўтурах гамоніць.
Скрозь падаюць сілы, — ваяцкія сілы, —
Ў магілы…
Хай голад і холад, хай сьмерць ўсё руйнуе:
Натхненьне пабеды народы гартуе.
— Наперад! Наперад! — ня ведаюць жалю.
— Наперад! Наперад! — бо мала, бо мала.
— Наперад! Ратаі, пакіньце палеткі!
Хай людзі старыя, хай дробныя дзеткі
Матулю-зямлю засяваюць!
Народы ў акопах жывуць пад зямлёю,
Ваякі у моры сядзяць пад вадою,
Адважна ў паветры лунаюць.
Іх ведаюць думкі, і рукі, і сьпіны —
Руіны…
Здабытыя скарбы народаў вякамі
Вялікаму Марсу даюць у ахвяры;
Іх возяць па грунту, сплаўляюць морамі,
І нікне ўся праца людзкая, як мара,
І нішчацца груды багатых мэталаў,
Жывёле, расьлінам пагібель настала
І збожжу і пушчам усюды.
А весткі аб дзеях зусюль далятаюць, —
Што хвілю-мінуту. Аж сьвет задзіўляюць
Агнёвыя радзіо-цуды.
Хто хорам пякельным такім дырыжуе —
Кіруе?
.........
Час пройдзе. Ад гэтай вайны, гвалтаваньня