Старонка:Беларусь (1922).pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

I

У гразь утоптана ляжыш.
Зыходзіш кроўю з сьвежых ран.
Няволі неўразумелай крыж
І непрагляднасьці туман —
Крыніцы страшных мук Тваіх,
Мук затаённых і нямых.
І так між вечнай цемнаты
Ты ад праступнай нематы
Гнібееш на шляху разбойным.
А цені талакою збройнай
Згушчаюць цемру безадказна .
І гонюць табалой працяжнай
У небыцьцё нявінных, закаваных
Дзяцей Тваіх, па Тваіх ранах.
І топчуць матчынае цела
Яны, сіроты, ацямнелыя…

Крыкні жа голасам мільёнаў!
Хай здрыганецца ноч ад стогнаў,
Ад вечаў, кузьняў пойдуць рэхі!
Хай схамянуцца Твае дзеці,
І асьвяцяць сьлязьмі уцехі
Тваё зьневажанае цела…
Хай згінем мы і ўсё на сьвеце,
Толькі дай голас мая Русь Бела!